Юбілейны дзясяты кніжны кірмаш стартаваў у Беластоку
Юбілейны дзясяты кніжны кірмаш стартаваў сёння, 21 красавіка, у Беластоку. Стэнд № 24 – прадстаўляе незалежныя беларускія выдавецтвы і літаратуру па-беларуску. Знойдзем тут шырокі спектр літаратуры – ад Уладзіміра Арлова ці Уладзіміра Някляева, па кнігі падляшскіх гісторыкаў.
Яраслаў Іванюк, старшыня Фонду Камунікат: Стэнд незалежных беларускіх выдавецтваў падчас сёлетняга кніжнага кірмашу ў Беластоку выглядае даволі прыстойна. Тут прдстаўлены некалькі незалежных выдавецтваў.
Валер Булгакаў, Arche: Па-першае, ёсць кнігі беластоцкіх аўтараў, гэта Яўген Мірановіч, Алег Латышонак. І яны толькі ў нас па-беларуску. Ёсць кніга яшчэ аднаго гісторыка з Падляшша Томаша Блашчыка, беларуса ў Літойскай Рэспубліцы.
Андрэй Янушкевіч, выдавецтва Янушкевіч: Я, напрыклад, прыехаў з двумя навінкамі для падлеткаў. Гэта фэнтазі ад Валера Гапеева і Алеся Кудрыцкага. Ёсць кнігі для самых маленькіх – Святлана Татарнікава, напрыклад.
Пакупнікі: Для сябе выбрала Караткевіча на беларускай мове.
– За Гары Потэрам для дзяцей прыйшоў.
– Гартаю пераважна тое, што датычыць гісторыі.
Яраслаў Іванюк: Запрашаем на наш стэнт №24, дзе прэзентуюцца беларускія незалежныя выдавецтвы. Беларускія выдаўцы могуць расказаць пра свае кнігі, параіць тое, што вас цікавіць.
У рамках кніжнага кірмашу пройдуць таксама сустрэчы з аўтарамі кніжак. Чакаецца што ў нядзелю пры стэндзе № 24 будзе падпісваць свае кнігі Уладзімір Арлоў. Кірмаш завершыцца ў нядзелю ў 16 гадзінаў.
Беларускае Радыё Рацыя