У Вільні праходзіць Другая канферэнцыя беларусаў свету
Яна пачалася з вітальнага слова ініцыятаркі канферэнцыі Святланы Ціханоўскай.
На пачатку яна выказала падзяку ўсім беларусам замежжа за зваротную сувязь пры падрыхтоўцы канферэнцыі, распавяла, чаму гэтая імпрэза зараз запатрабаваная і агучыла чатыры тэматычныя блокі і задачы, якія будуць разглядацца падчас канферэнцыі.
– Выпрацаваць механізмы больш шчыльнай супрацы паміж палітычнымі структурамі і ініцыятывамі беларусаў замежжа. Таму сёння і заўтра я прапаную правесці ў сумеснай супрацы, у адкрытых дыскусіях распрацоўку наступных крокаў, якія будуць скіраваныя на развіццё і падтрымку беларускіх ініцыятываў у замежжы, распрацоўку праектаў, якія неабходныя беларусам у Беларусі, і перш за ўсё – падтрымка палітзняволеных і іх сем’яў. Паляпшэнне механізмаў супрацы паміж палітычнымі структурамі і арганізацыямі беларусаў замежжа. Адраджэнне і захаванне нашай культуры і ідэнтычнасці.
Пасля выступаў лідараў дэмакратычнай супольнасці падчас дыскусійнай панэлі “Стратэгічныя прыярытэты працы дэмакратычных сілаў і беларускай дыяспары” прысутныя задалі шмат вострых пытанняў лідарам. Асабліва крытыкавалі дзейнасць Каардынацыйнай Рады Беларусі.
Спікеру Каардынацыйнай Рады Беларусі Андрэю Ягораву давялося адказаць на шмат нязручных пытанняў:
– Крытыка звязаная з тым, што Каардынацыйная Рада – гэта якраз месца для гарачых дыскусій. Гэтыя гарачыя дыскусіі там адбываюцца, і ў гэтых гарачых дыскусіях прымаюцца рашэнні: хтосьці прайграе, а хтосьці выйграе. За кімсьці застаецца большасць дэлегатаў, якія падтрымліваюць тое ці іншае меркаванне, за кімсьці менш. Часам гэта канструктыўная крытыка, якая дае магчымасць развіцця. Часам проста перакручваюцца факты і наўпрост кажацца тое, што не адпавядае рэчаіснасці. Кшталту таго, што кагосьці выключылі з Каардынацыйнай Рады. З Каардынацыйнай Рады нікога не выключалі, хтосьці сышоў сам, было такое.
Сёння Другая канферэнцыя беларусаў свету працягнецца да 19.00, дзе яшчэ будуць абмеркаваныя наступныя пытанні: вызваленне Беларусі ад расейскага кантролю; ціск на рэжым Лукашэнкі з боку дыяспараў, еўрапейскі выбар Беларусі; узаемадзеянне дыяспары з беларусамі ўнутры Беларусі; праца з лакальнымі медыя ў краінах беларусаў замежжа.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Скончыцца канферэнцыя ў нядзелю, 23 красавіка.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя