Пра што гаварылі падчас ІІ Канферэнцыі беларусаў свету?
Падчас ІІ Канферэнцыі беларусаў свету гаварылі пра развіццё і падтрымку беларускіх ініцыятываў за мяжой, супрацоўніцтва палітычных цэнтраў і арганізацый беларусаў, а таксама супрацу беларускіх дыяспар з людзьмі, якія засталіся ў Беларусі.
Як выказваліся спікеры, трэба вялікую ўвагу надаваць партызанскаму руху, узаемадзеянню з палком Каліноўскага і ўвогуле таму, што адбываецца ў Беларусі. Хоць гэта і канферэнцыя беларускай дыяспары, але краналася і тэма, наколькі зараз цяжка жыць беларусам пад моцным ціскам рэжыму Лукашэнкі.
Прысутныя гучнымі апладысментамі віталі прамову Паўла Латушкі наконт вайны, акупацыі краіны і далейшых планаў дзеяння дэмакратычных сілаў у замежжы. Ён распавёў таксама кранальную гісторыю пра беларусаў, якіх ён сустрэў у замежжы, і яны сказалі яму са слязамі на вачах: мы верым у вас!
– Вось гэты голас з Радзімы, з Беларусі, для мяне падаецца вельмі сімвалічным і важным. Бо яны вераць у тое, што беларусы, якія апынуліся за мяжой праз лёс, ніхто не хацеў з’язджаў, так атрымалася, нас выкідвалі, нас катавалі, рэпрэсавалі, але яны маюць надзею, што мы тут, у больш бяспечнай прасторы, зможам зрабіць тое, што належна. Гэта значыць прыцягваць да крымінальнай адказнасці тых асобаў, якія цяпер займаюцца гвалтам адносна беларусаў. Тыя асобы, якія адказваюць за вайну супраць Украіны, за акупацыю Беларусі, павінны быць пакараныя. І я веру ў гэта! Я не магу сказаць, што гэта адбудзецца заўтра, я не пракурор і не суддзя, але гэта адбудзецца.
У другой частцы першага дня канферэнцыі выступаў і кіраўнік фонда BYSOL Андрэй Стрыжак, які дапамагае беларусам не толькі за мяжой, а нават больш у самой краіне.
– Дыяспара мае нейкія свае прыярытэты і нейкія дзеянні, а тое, што ўнутры Беларусі, – гэта унутрыбеларускія пытанні. Вось праблема ў тым, што мы як людзі, якія ўжо не жывуць у Беларусі па 2-3 гады, дастаткова моцна згубілі сувязь з тымі пачуццямі, з тымі эмоцыямі, з тымі праблемамі, з якімі беларусы жывуць унутры. Як пераадолець гэтыя праблемы, як сутыкнуць два кірункі інтарэсаў? Гэта вялікая задача і вялікі выклік для нас усіх. Для мяне гэта вельмі важна, бо BYSOL працуе вельмі шмат менавіта з беларусамі ў Беларусі, і захаваць гэты фокус вельмі важна, асабліва сёння, калі беларусы ўнутры краіны пакінутыя на лёс волі і долі, і ідзе паўзучая анэксія. Таму вельмі важна, каб дыяспара таксама пра гэта памятала.
У першы дзень канферэнцыі з вітальным словам да ўдзельнікаў звярнулася і старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла. На вострыя пытанні прысутных адказвалі прадстаўнік Офіса Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі, кіраўнік ініцыятывы ByPol Аляксандр Азараў і каардынатар праекта “Народныя пасольствы” Міхаіл Рубін ды іншыя.
Таксама падчас імпрэзы прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання памерлага сёння Гарадзенскага архіяпіскапа Арцемія, які адзін з першых святароў асудзіў гвалт уладаў Беларусі.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя