Агляд прэсы: Выцясненне да поўнага адмаўлення
Францыя адмовілася даць Украіне мапы, якія дазваляюць нацэліцца на Беларусь. Ядзерны шантаж Пуціна. Спрэчка аб збожжавых з Украіны вырашана? Планы Вялікае Сямеркі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Кіеў папрасіў Парыж выдаць лічбавую карту суседняй тэрыторыі, якая дазволіла б знішчальнікам або беспілотнікам выконваць задачы на малой вышыні. Французская газета Le Monde разважае пра такую адмову Францыі і прыводзіць тры факты-пункты для развагаў.
«Па-першае, гэта паказвае, што Кіеў сур’ёзна разглядае магчымасць правядзення аперацый на тэрыторыі Беларусі (што зусім не дзіўна). Лічбавая карта дазваляе самалётам і беспілотнікам выконваць задачы на малой вышыні. Па-другое, Парыж прадстаўляецца ў «выгадным святле». Макрон па-ранейшаму бачыць сябе ў ролі міратворца (у тым ліку разам з КНР), а адмова перадаць карту пацвярджае, што Францыя гатовая дапамагчы Украіне абараніць сваю тэрыторыю, але не дапусціць распаўсюджвання вайны на суседнія краіны. І нарэшце, па-трэцяе, «уцечка» інфармацыі — дадатковы намёк для Лукашэнкі, які неаднаразова грэбліва выказваўся пра Францыю і яе кіраўніцтва. Парыж мае ў сваім распараджэнні інструмент, які можа дапамагчы Кіеву весці баявыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі. І ў любы момант можа быць перададзены ва Украіну», – папярэджвае французскае выданне.
«Расейскі дыктатар Уладзімір Пуцін спадзяецца, што пагроза ядзернай эскалацыі дазволіць яму выратаваць сваё хуткае ўварванне, напалохаўшы Захад і прымусіўшы яго пакінуць Украіну», – піша міжнародны ўкраінскі часопіс Business Ukraine.
«Уладзімір Пуцін аднавіў сваё бразганне ядзернай зброяй напрыканцы сакавіка, абвясціўшы, што плануе размясціць ядзерную зброю ў суседняй Беларусі. Гэты ў значнай ступені сімвалічны крок быў відавочна прызначаны для таго, каб запалохаць заходніх лідараў і ўтрымаць іх ад далейшага ўзбройвання Украіны. На самай справе, аднак, гэта толькі служыць для таго, каб падкрэсліць усё большы адчай Расеі і адсутнасць у Крамля альтэрнатыўных варыянтаў, калі спробы заваявання Украіны працягваюць развязвацца. Пуцін сфармуляваў свае пляны разьмяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі як адказ на рашэнне Брытаніі даць Украіне супрацьтанкавыя боепрыпасы, якія ўтрымліваюць збеднены ўран.
Тым часам ваеннае становішча Расеі ва Украіне працягвае пагаршацца. Шасцімесячная кампанія бамбардзіравання Украіны па грамадзянскай інфраструктуры краіны скончылася правалам. Уздоўж лініі фронту ў паўднёвай і ўсходняй Украіне з пачатку 2023 года вядзецца моцна разрэкламаваны расейскі наступ, але ён не змог дамагчыся значнага прагрэсу, панёсшы катастрафічныя страты. Гэта вядзе да хуткай дэмаралізацыі пуцінскай арміі ва Украіне, у сацыяльных сетках рэгулярна публікуюцца відэазвароты з групамі нядаўна мабілізаваных расейскіх вайскоўцаў, якія скардзяцца на суіцыдальную тактыку і вялікую колькасць загінулых», – канстатуе ўкраінскае выданне.
Польшча пагадзілася зноў дазволіць транзітныя перавозкі ўкраінскага збожжа – пры ўмове, што ў самой краіне гэта зерне затрымлівацца не будзе. Венгрыя, Славакія і Балгарыя, якія таксама ўвялі забарону на імпарт, вырашылі дзейнічаць такім жа спосабам – імкнучыся абараніць даходы ўласных фермераў. Балгарская газета Dnevnik зыходзіць з таго, што забарона на ўвоз украінскага збожжа ў краіну ніяк не паўплывае на і так высокія кошты.
«Праблемы балгарскіх фермераў ніяк не звязаныя з імпартам з Украіны, паколькі аб’ём гэтага імпарту мінімальны! Па пшаніцы гэты паказчык складае ўсяго толькі 0,3 працэнты ад аб’ёму таго, што вырошчваецца ў самой Балгарыі. Забарона на ўвоз – гэта ўдалая піяр-кампанія, але праблему высокіх цэнаў такім спосабам не вырашыць. Сітуацыя выглядае, хутчэй, наступным чынам: у мінулым годзе цана на збожжавыя на сусветным і на балгарскім рынках былі штучна завышаны, паколькі многія вытворцы не выставілі значную частку сваёй прадукцыі на продаж – у чаканні на рост цэн. Аднак сёлета цэны зноў выйшлі на даваенны ўзровень!», – канстатуе балгарскае выданне.
Краіны G7 будуць блакаваць расейскія актывы да таго часу, пакуль не завершыцца канфлікт ва Украіне. Акрамя таго, Масква павінна будзе выплаціць кампенсацыі за прычыненую шкоду. Пра гэта гаворыцца ў заяве кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў „сямёркі”, якую яны прынялі па выніках саміту. Расейскае пытанне стала цэнтральным на гэтай сустрэчы. У прыватнасці, дыпламаты абмеркавалі пастаўкі зброі трэцімі краінамі, пагрозы ядзернага ўдару і энергетычную бяспеку. «Суверэнныя актывы ў юрысдыкцыях краін G7 застануцца без руху, пакуль працягваецца канфлікт. Прычым пры любым сцэнары яго заканчэння павінны быць гарантыі таго, што Расея заплаціць за прычыненую шкоду», – піша амерыканская выданне Bloomberg.
«Акрамя таго, Італія, Францыя, Канада, ЗША, Германія, Вялікабрытанія і Японія плануюць і далей узмацняць санкцыі супраць Масквы, кантраляваць іх выкананне і не даваць трэцім краінам падрываць дзейныя абмежаванні.
Само камюніке сходу заняло 36 старонак. Акрамя расейска-ўкраінскага пытання, міністры «сямёркі» разбіралі і іншы геапалітычны канфлікт: паміж Кітаем і Тайванем. Пры гэтым мова заявы ў гэтай частцы прыкметна мякчэйшая, чым гарачая рыторыка, якая гучыць з Вашынгтона. Гэта звязана з памкненнем G7 прадэманстраваць адзінства, разбуранае, здавалася, пасля нядаўняй паездкі Эманюэля Макрона ў Пекін. Там французскі прэзідэнт заявіў, што Еўрапейскі саюз не павінен уцягвацца ў спрэчку з Кітаем на баку Амерыкі», – падкрэслівае амерыканскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя