У Вільні адбылася Другая канферэнцыя беларусаў свету



У Вільні адбылася Другая канферэнцыя беларусаў свету. У ёй удзельнічала каля 150 чалавек.

Калі ў першы дзень казалі пра дзейнасць Офіса Святланы Ціханоўскай, Аб’яднанага пераходнага кабінета, Каардынацыйнай рады і пра іх супрацоўніцтва з дыяспаральнымі структурамі. То ў другі дзень разглядаліся пытанні, прысвечаныя праблемам захавання і паглыблення беларускай ідэнтычнасці, беларускай культуры, а таксама пытанні аказання дапамогі палітычным зняволеным і іх блізкім у Беларусі.

Як кажа прадстаўніца па сацыяльных пытаннях Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі Вольга Гарбунова, адна з галоўных праблемаў тое, што ніхто не ведае дакладнай лічбы палітзняволеных у Беларусі. Але яны мяркуюць, што іх каля 5000 чалавек:

Для гэтага ёсць шмат прычын: страх родных, якія не хочуць пагоршыць сітуацыю сваіх затрыманых блізкіх, розніца падыходаў праваабарончых і тое, што дзяржава маскуе палітычны пераслед іншымі артыкуламі Крымінальнага кодэкса, маскуючы гэта пад эканамічныя артыкулы, пад махлярства, пад хуліганства, наркотыкі. Мы кажам пра тое, што рэальныя лічбы на дадзены момант не ведае ніхто. Мы мяркуем, што лічбы могуць адрознівацца ў разы.

Напрыканцы канферэнцыі ў завяршальным слове Святлана Ціханоўская агучыла, што яны павінны рабіць, каб прапановы і ідэі, якія гучалі пад час канферэнцыі ператвараліся ў канкрэтныя праекты і кампаніі:

– Мы павінны пакласці ўсе гэтыя ідэі ў адзіны супольны план працы, бо, як мы ўсе добра разумеем, праца сама не зробіцца. Як мы казалі, на нас разлічваюць 9 мільёнаў беларусаў і асабліва 1,5, 2, 5 тысяч палітзняволеных. Людзі, якія сталі закладнікамі рэжыму. Мы павінны разумець, што сама канферэнцыя – гэта не вынік, не нейкі фінал, а працяг працы, якая ўжо робіцца, ці пачатак новых праектаў, новых ініцыятыў, пра якія мы дамовіліся.

Рэпартаж слухайце ў далучаным гукавым файле.

Паводле Святланы Ціханоўскай, па вырашэнні двух дзён яны дамовіліся падпісаць паразуменне аб супрацы паміж палітычнымі цэнтрамі і „Народнымі амбасадамі”. Таксама яны дамовіліся зрабіць платформу „Новая Беларусь” цэнтральным местам для абмену інфармацыі і каардынацыі паміж дыяспаральнымі ініцыятывамі і супрацай з палітыкамі.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя