У Студзіводах прайшла сустрэча з дэпутатамі Сейма
„Грамадзянская кааліцыя” абяцае больш прыслухоўвацца да патрэбаў нацыянальных меншасцяў. Такія абяцанні прагучалі на сустрэчы ў Студзіводах у Музеі малой айчыны. Ініцыятарам сустрэчы быў шматгадовы дэпутат Сейма ад Падляшша Яўген Чыквін.
„Грамадзянская кааліцыя” таксама падтрымала праект закона пра кампенсацыі за злачынствы Рамуальда Райса „Бурага” кажа Яўген Чыквін:
– Цяпер яны ўжо прынялі канчатковае рашэнне, што падтрымліваюць. Каля 40 дэпутатаў платформы з майго клубу, я яшчэ сабраў подпісы з іншых апазіцыйных, з PSL падпісаў таксама. Прадстаўнікі ўсіх апазіцыйных клубаў падпісаліся пад тым праектам. Калі б была змена ўлады, то ўсе тыя апазіцыйныя дэпутаты, клубы, якія падтрымалі, не могуць сказаць, што ў якасці апазіцыі падтрымлівалі, а цяпер мяняюць рашэнне.
У Студзіводах разам з Яўгенам Чыквінам пабывалі дэпутат Сейма – Барбара Навацка і сенатар Казімеж Клейна. Сустрэча, на якую прыйшло некалькі дзясяткаў чалавек, была прымеркавана да восеньскіх парламенцкіх выбараў у Польшчы, дата якіх яшчэ не вызначана.
Беларускае Радыё Рацыя