Фотарэпартаж: У Вільні квітнеюць сакуры



Парк сакур у сталіцы Літвы знаходзіцца на правым беразе ракі Нярыс, побач з Белым мастом і Нацыянальнай мастацкай галерэяй.

Гэты парк запачаткавалі 2 кастрычніка 2001 года, было пасаджана 200 японскіх сакур у гонар 100-годдзя з дня нараджэння японскага дыпламата Чыўнэ (Ціўнэ) Сугіхары. Дзякуючы гэтаму консулу Японіі ў Коўне, тагачаснай сталіцы Літвы, у 1940-41 гадах выратаваліся больш за 6 тысяч яўрэйскіх бежанцаў, з’ехаўшы транзітам праз Японію. Па некаторых звестках мяркуецца, што дыпламат мог выдаць да 10 000 віз яўрэям, якія жылі ў Літве, Польшчы і Германіі.

Каля ўваходу ў сад стаіць помнік, на якім напісаныя словы заснавальнікаў парку, якія паведамляюць, што сакуры – гэта дар урада Японіі Літве, закліканы мацаваць сяброўскія сувязі паміж дзвюма краінамі.

Штогод японскія сакуры ў красавіку ці пачатку траўня квітнеюць аднымі з першых, сімвалізуючы вясновае абуджэнне. Яны ўпрыгожваюць горад ружовымі  кветкамі і прыцягваюць сваёй прыгажосцю жыхароў і гасцей Вільні. Але квітнеюць сакуры толькі два тыдні. Таму жыхары Вільні і госці сталіцы спяшаюцца прыйсці ў Парк сакуры, каб пачытаць кнігу, пасядзець пад галінамі японскіх вішань і напісаць карціну, сфатаграфавацца ці адпачыць душой, назіраючы за гэтай прыгажосцю.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя