Агляд прэсы: калі патрэбны поспех



«Гаманец Лукашэнкі» выкарыстаў Каталіцкі Касцёл, каб пазбегнуць санкцый Еўразвязу. Ці набліжаецца ўкраінскае контрнаступленне? У Судане сітуацыя абвастраецца насуперак перамір’ю. Венгрыя рыхтуецца да візіту Папы Рымскага. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Беларусь вядомая тым, што ў ёй дзейнічаюць схемы, якія дапамагаюць фізічным і юрыдычным асобам, якія трапілі пад санкцыі, пазбегнуць санкцый ЕЗ супраць Расеі. Аднак новае расследаванне, дзе замяшана каталіцкая царква краіны, выклікае большае здзіўленне, чым звычайна», – піша еўрапейскае выданне The Euractiv.

Паводле звестак Беларускага Цэнтра Расследванняў, калі бізнэсоўца Аляксандр Зайцаў, якога лічылі «гаманцом» прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, і яго кампанія трапілі пад санкцыі ЕЗ, каталіцкі святар, звязаны з Ватыканам, зарэгістраваў падстаўную кампанію, якая захапіла бізнес.

Кампанія Bremino Аляксандра Зайцава, якой ён валодае разам з двума іншымі бізнэсоўцамі, карысталася практычна поўнай ільготай ад падаткаў. Гэта адбылося з-за ўказу Лукашэнкі, які ў канчатковым выніку стаў на карысць кампаніям, якія належаць лаяльным яму асобам. Bremino выкарыстоўваўся для кантрабанды кветак, прадуктаў харчавання і іншых прадуктаў з Еўропы ў Расею. Зайцаў, блізкі да Лукашэнкі, суправаджаў таго ў многіх паездках за мяжу. Высветлілася, што кампанія атрымала дазвол на будаўніцтва складоў  з мытным афармленнем на  памежных пунктах пропуску «Брузгі» і «Бераставіца». Тут і адбываецца перакладка тавараў з еўрапейскіх на беларускія паўпрычэпы. Гэта адзіныя прыватныя пункты мытнага афармлення на мяжы ЕС і Беларусі, таму кіроўцам грузавікоў, якія ўязджаюць у Беларусь праз Бераставіцу ці Брузгі, нічога не застаецца, як скарыстацца паслугамі Bremino», – паведамляе еўрапейскае выданне.

 Працяглы час вядуцца размовы аб маючым адбыцца контрнаступленні ВСУ. Паводле дадзеных амерыканскага аналітычнага цэнтра Інстытут вывучэння вайны (ISW), у аўторак украінскім войскам удалося фарсіраваць раку Днепр у раёне Херсона. У той жа самы час Кіеў паведамляў аб стратах у Бахмуце, за які вядуцца разлютаваныя баі. На думку аглядальнікаў, аб шырокай наступальнай аперацыі Украіны пакуль што казаць рана. Брытанская газета The Observer мяркуе, што адсутнасць вырашальных перамог рана ці позна прымусіць Украіну пайсці на саступкі.

«Усё больш відавочнай становіцца перспектыва працяглага перамір’я. Яно паклала б канец бойні, прадухіліла пагрозу ядзернай эскалацыі паміж Расеяй і Захадам, змякчыла сусветны крызіс у сферы эканомікі, энергетыкі і харчавання, а таксама даравала б усім своеасаблівы мір. У тэорыі кожны з бакоў мог бы атрымаць вырашальную перамогу. Аднак у адсутнасці дамовы куды больш верагоднай уяўляецца далягляд патавай сітуацыі нізкай інтэнсіўнасці, якая надзвычай крывавая, абыходзіцца вельмі дорага і цягнецца гады. Падобная перспектыва наўрад ці камусьці даспадобы, акрамя хіба што Кітая і вытворцаў узбраенняў. Не выключана, што вельмі хутка для таго, каб пакласці канец пакутам і болю ўкраінцаў, іх усё ж папросяць праглынуць вельмі горкую пілюлю», – адзначае брытанскае выданне.

Па дадзеных ЗША, бакі канфлікту ў Судане зноў паспрабавалі дамовіцца аб перамір’і. У краіне, дзе працягваюцца баявыя сутыкненні паміж арміяй дэ-факта прэзідэнта Абдэль Фаттаха аль-Бурхана і ваенізаванымі Сіламі хуткага рэагавання (СБР) пад кіраўніцтвам яго намесніка Махамеда Хамдана Дагло па мянушцы Хемеці, зараз павінен запанаваць трохдзённы рэжым спынення. Еўрапейская прэса знаходзіцца ў трывозе наконт развіцця падзей. Брытанская газета The Times абураная тым фактам, што брытанскія вайскоўцы вывезлі з Судана сваіх дыпламатаў, але не амаль 4000 грамадзян Вялікабрытаніі, якія там пражываюць.

«Чаму Вялікабрытанія не эвакуявала хаця б частку мірных жыхароў разам са сваімі дыпламатамі? Чаму вайскоўцы не засталіся на месцы для таго, каб абараніць пакінутых там грамадзян і арганізаваць бяспечныя месцы, у якіх яны маглі б сабрацца? Чаму няма актуальнага спісу брытанскіх грамадзян, якія знаходзяцца ў Судане? Высокапастаўленыя бюракраты міністэрства замежных спраў сцвярджаюць, што іх абавязак – гарантаваць бяспеку брытанскіх дыпламатаў, даўшы ім магчымасць пакінуць небяспечную зону. Але існуе і шырэйшая адказнасць, а менавіта перад усімі брытанскімі грамадзянамі за мяжой, і ёй відавочна грэбуюць», – канстатуе брытанскае выданне.

Напрыканцы гэтага тыдня Папа Францішак правядзе трохдзённы візіт у сталіцу Венгрыі – Будапешт. Апроч сустрэч з прадстаўнікамі ўрада і мясцовай каталіцкай абшчыны, Францішак таксама сустрэнецца з бежанцамі, дзецьмі і моладдзю. Аглядальнікі разважаюць пра тое, што гэты візіт значыць для Венгрыі. «Гэты візіт толькі ўмацуе пазіцыі Венгрыі ў яе супрацьстаянні з Бруселем», – лічыць праўрадавая венгерская газета Magyar Nemzet.

«Папа – наш добры сябар і саюзнік, а мы – яго верныя саюзнікі ў супрацьдзеянні гендарнай бязглуздзіцы і садзейнічанні ў справе абароны дзяцей. Пытанне, вядома, заключаецца ў тым, ці будуць такія дзіўныя кіраўнікі ЕЗ таксама і нашымі саюзнікамі ў гэтай цалкам і цалкам праеўрапейскай і міратворчай пазіцыі. Ці ж умацаванне хрысціянства гэтыя лідары палічаць антыхрысціянскім? Але гэта не мае значэння, паколькі няздольна спыніць распаўсюджванне светапогляду, у цэнтры якога стаіць сям’я. Калі Святы Айцец за нас, то хто можа быць супраць нас?»,  – задаецца рытарычным пытаннем венгерскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка