Цеплаход «Белая Русь» аднаўляе рачныя круізы па Палессі
Цеплаход «Белая Русь» аднаўляе рачныя круізы па Палессі. Маршрут пралягае з Берасця да Мазыра, паведаміла начальнік аддзела турызму ўпраўлення спорту і турызму Берасцейскага аблвыканкама Алена Космач.
У першы рэйс пасля працяглага перапынку цеплаход адправіцца 29 красавіка. Тур доўжыцца восем дзён. За гэты час турыстаў пазнаёмяць з непаўторнымі славутасцямі Беларусі, яе гарадамі, сярод якіх Берасце, Пінск, Кобрын, Тураў, Нароўля. У аснове круізу — культурны і прыродны каларыт беларускага Палесся.
Маршрут круізу праходзіць па рэках Мухавец, Піна і Прыпяць, а таксама Дняпроўска-Бугскім канале. У праграму ўключаны дзесяць экскурсій. Такія рачныя падарожжы будуць праходзіць з канца красавіка да пачатку кастрычніка.
«Белую Русь» спусцілі на ваду ў Пінску ў красавіку 2017 года. Мясцовыя майстры працавалі практычна шэсць гадоў над стварэннем пасажырскага двухпалубнага цеплахода. Для гэтага было пераабсталявана тэхнічнае судна. Яго рэканструкцыя вялася па праграме развіцця Прыпяцкага Палесся. Дарэчы, у свой самы першы рэйс цеплаход таксама адправіўся 29 красавіка.