„Вясна ідзе на Беларусь…”
Адзін з класікаў беларускай літаратуры Уладзімір Дубоўка (1900-1976) яшчэ па-сапраўднаму не ацэнены ў нашай літаратуры. Яшчэ час Уладзіміра Дубоўкі на Беларусь не прыйшоў, як і ўся яго паэтычная творчасць.
Лёс паэта быў нялёгкім, а можа нават трагічным. У 1930-м годзе яго рэпрэсіравалі і ён 27 гадоў быў зняволены. А пасля рэабілітацыі ў 1957 годзе паэт на Бацькаўшчыну ўжо не вярнуўся, а жыў у Маскве. Тым не менш, у 1962 годзе за зборнік вершаў “Палеская рапсодыя” ён атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі імя Янкі Купалы.
Пасля рэабілітацыі, у Беларусі не так і шмат, але выходзілі яго паэтычныя зборнікі для дзяцей, “Выбраныя творы” у двух тамах, асобныя паэтычныя кнігі, у тым ліку і выданне “О Беларусь, мая шыпшына…” (Мн., “Мастацкая літаратура”, 2002) і некаторыя іншыя. Выйшла з друку і добра напісаная кніга пра зямныя і творчыя шляхі паэта і лёс ягонага пакалення “Круг” Алеся Пашкевіча. Варта прыгадаць і выдатную кнігу — крытыка-біяграфічны нарыс “Уладзімір Дубоўка” Дзмітрыя Бугаёва, што выйшла з друку ў 1965 годзе. Але ўсяго гэтага мала. Дубоўка заслугоўвае значна большага, вартага, поўнага.
Вершы Уладзіміра Дубоўкі некалі актыўна друкавалі нашы эмігранты ў сваіх часопісах і газетах. Вось, напрыклад, на старонках часопіса “Сакавік” (№ 1-2 за 1947-1948 гады) былі змешчаны тры вершы паэта. Прачытаўшы іх, чытачы здзівяцца: Дубоўка-прарок, бо вершы, нібы сёння напісаны, яны не састарэлі ніводным радком і страфой. Прачытайце, і вы ў гэтым пераканаецеся самі.
Уладзімір Дубоўка
З-за кратаў
…А вясна ідзе на Беларусь,
Апранае у страі прасторы,
Прамяністасць жменяю цярусіць
І з лясамі ветліва гаворыць.
А вясна спаткае вас прыхільна,
Пушча-бор цымбальна прывітае.
Забруіцца ў сінім небасхіле
Песня жаўранкава залатая.
Праз дарогу шмат пяройдзе рэчак,
І Дняпро з Бярэзінай праскочыць.
З ласкай ціхай хвалі ўслед зашэпчаць,
З ласкай ціхай лягуць на пясочак…
Я на ростань не скажу нічога,
Я вясну за кратамі спаткаю…
Усміхнуся вершам на дарогу:
Доля нашая такая…
Здраднікам
Вы, што звыклі поўзаць ракам
І на задніх танчыць лапках
Перад кожным небаракам,
Што трымае з маслам “папку”,
Вы, прасякнутыя брудам
Ад пяты да самай шыі,
Звыклі біць тых, што пад спудам,
Ліць на бліжняга памыі, —
Дзе ваш сорам чалавечы,
Дзе павага да людзіны?
Як ад вас нам асцярэгчы
Гонар нашае краіны?
Месца ваша ў ніцалоззі,
Ганьба вам наканавана,
Бо пры вашай дапамозе
Бацькаўшчына ўкрыжавана…
***
…Забыўся ты. Схіліўся на далоні…
Язда… Шляхі — і водбліскі пагоні…
Забыўся ты — галубіш свет шырокі,
Не чуеш варты неспынянай крокі…
Забыўся ты… Табе ўсё воля сніцца…
Мой брат! Ці ж свет увесь — вязніца?..
Беларускае Радыё Рацыя