Павел Усаў: На сітуацыю з Бабарыкам Расея ўплываць не будзе, а Захад – не можа



Каманда банкіра і грамадскага дзеяча, прэтэндэнта ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі пацвердзіла факт ягонай нядаўняй шпіталізацыі ў Наваполацку. Паводле неафіцыйных звестак, у яго лёгкіх выявілі ваду.

Ці можна чакаць заступніцтва Захаду ці Расеі ў сітуацыі Віктара Бабарыкі разважае палітолаг Павел Усаў:

– Сістэма накіраваная на вынішчэнне ўсіх тых, хто кінуў ёй выклік у дваццатым годзе. Нейкія паралелі можна прывесці з трыццатых гадоў, калі высокапастаўленыя функцыянеры бальшавіцкай партыі наменклатуры знішчаліся. Не варта разглядаць Бабарыку і жыццё Бабарыкі вышэй за жыццё звычайнага палітычнага зняволенага, за жыццё Вітольда Ашурка. Калі дапусціць, што Бабарыка з’яўляўся актывам Расеі і стварэння той сітуацыі ў Беларусі, фактычна крызісу, то яго паспяхова выкарысталі.

Паводле Паўла Усава, Захад не валодае дастатковым арсеналам сродкаў, каб вызваліць не толькі Віктара Бабарыку, але і ўсіх астатніх палітзняволеных у Беларусі, якіх на 28-е красавіка налічваецца 1495 чалавек.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота БелТА