Агляд прэсы: аб’яднаць усіх



Алімпійскі камітэт Чэхіі «аб’яднаўся» супраць Расеі і Беларусі на Парыжы-2024 і ў кваліфікацыі. Турцыя напярэдадні выбараў. Новыя правілы скарачэння дзярждоўгу Еўракамісіі. Папа Рымскі прыехаў у Венгрыю. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Алімпійскі камітэт Чэхіі (ČOV) ухваліў праект пастановы аб недапушчэнні ўдзелу расейскіх і беларускіх спартсменаў у наступных Алімпійскіх гульнях у Парыжы і папярэдніх кваліфікацыйных спаборніцтвах. «Такое рашэнне было прынята на пленуме чэшскіх спартовых асацыяцый, дзе ўдзельнікі ўзгаднілі «адзіную» пазіцыю супраць вяртання Расеі і Беларусі на міжнародную арэну», – паведамляе брытанскае cпартовае выданнеThe Inside The Games.

«Такі крок быў зроблены пасля таго, як у мінулым месяцы Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) пастанавіў, што ўдзельнікам з дзвюх краін павінна быць дазволена вярнуцца на сусветныя спартыўныя спаборніцтвы ў якасці індывідуальных нейтральных спартсменаў, пры ўмове, што яны не падтрымліваюць вайну ва Украіне і не звязаныя з ваеннымі. З тых часоў некалькі алімпійскіх відаў спорту прытрымліваліся рэкамендацый, але МАК яшчэ не прыняў рашэння пра тое, ці змогуць расейскія і беларускія спартсмены выступаць на Парыжы-2024. У адказ Чэшскі Алімпійскі камітэт правёў пленум, на якім члены ўзгаднілі праект рэзалюцыі супраць вяртання спартсменаў з Расеі і Беларусі, нягледзячы на пункты гледжання двух спецыяльных дакладчыкаў Рады ААН па правах чалавека, што поўная забарона на ўдзел расейскіх і беларускіх спартсменаў будзе дыскрымінацыяй і парушэннем правоў чалавека», – адзначае брытанскае выданне.

***

Такіх выбараў у Турцыі яшчэ не было: 14 траўня краіна будзе абіраць новы парламент, а разам і новага прэзідэнта. Паводле звестак апытанняў, у лідары, няхай і з невялікім адрывам, выбіўся кандыдат ад апазіцыі – старшыня Рэспубліканскай народнай партыі Кемаль Кылычдараглу. Ці атрымаецца ў альянса апазіцыйных сіл, які ён узначальвае, адолець дзеючага прэзідэнта Рэджэпа Тайіпа Эрдагана і яго Партыю справядлівасці і развіцця? «Поспех Кылычдараглу стаў бы незвычайнай падзеяй для Турцыі», – падкрэслівае літоўскі партал LRT.

«З часоў праўлення Мустафы Кемаля Атацюрка, які лічыцца бацькам сучаснай Турцыі, і да свайго ўжо вельмі працяглага знаходжання ў апазіцыі РНП прайшла складаны і цікавы шлях. З 1950 года ў Турцыі не было ніводнага прэзідэнта ад РНП, з 1979 года – кіраўніка ўрада, а з 1999 года – нават спікера парламента. Калі зараз партыя даб’ецца поспеху на парламенцкіх выбарах, якія праходзяць адначасова з прэзідэнцкімі, і калі яе лідар Кылычдараглу яшчэ і зойме пасаду прэзідэнта (што асабліва важна сёння, улічваючы прэзідэнцкую сістэму ў краіне), то можна будзе сказаць, што РНП дабілася аглушальнага поспеху», – піша літоўскае выданне.

***

Еўракамісія прадставіла план па рэфармаванні правілаў, якія датычацца дзяржаўнай запазычанасці еўрапейскіх краін. Прапануецца ў далейшым прадастаўляць краінам з высокай дзяржаўнай запазычанасцю магчымасць індывідуальных рашэнняў па рэструктурызацыі доўгу. Гэта азначала б адмову ад дзейнага на дадзены момант прынцыпу, паводле якога ў адносінах да ўсіх краін супольнасці дзейнічаюць аднолькавыя правілы. «Урад ФРГ ні ў якім разе не павінен згаджацца на такі варыянт», – піша нямецкая газета Handelsblatt.

«Калі законапраект будзе прыняты ў прапанаваным выглядзе, то тады правілы датычна фінансавай запазычанасці краін Еўропы будуць дэ-факта адмененыя. Гэтыя прапановы ўтойваюць у сабе непрадказальныя рызыкі датычна захавання еўра як такога. Еўракамісія мае намер надалей дамаўляцца з кожнай краінай у ЕЗ паасобку і распрацоўваць для яе індывідуальныя праграмы па зніжэнні запазычанасці. Але менавіта тут сабака і закапаны: зніжэнне запазычанасці ператвараецца ў прадмет гандлю: замест таго каб праводзіцца паводле зразумелых і агульных для ўсіх правілаў», – наракае нямецкае выданне.

***

Папа Францішак прыбыў з трохдзённым візітам у сталіцу Венгрыі – Будапешт. Апроч сустрэч з прадстаўнікамі ўрада і мясцовай каталіцкай абшчыны, у расклад Францыска таксама ўключаны сустрэчы з бежанцамі, дзецьмі і моладдзю. Аглядальнікі разважаюць пра тое, што гэты візіт значыць для самой Венгрыі, а таксама за яе межамі. Чэшская газета Lidové noviny разважае над тым, што ў Будапешце Папа мог бы сустрэцца і з тамтэйшым мітрапалітам ад РПЦ Іларыёнам, які да чэрвеня 2022 года займаў важную пасаду ў структурах Маскоўскага патрыярхата.

«Гэты праваслаўны біскуп кіраваў аддзелам знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага патрыярхата і быў адказны за распаўсюджванне ідэалогіі «рускага міру». Гэтая ідэя і стала для Пуціна падставай для ўварвання ва Украіну. Аднак з часам Іларыён хай і не наўпрост, але выказваў сваю нязгоду з уварваннем, у выніку чаго пазбавіўся сваёй пасады, і ў якасці пакарання быў накіраваны ў Будапешт. Калі Папа Рымскі пажадае з ім сустрэцца ці абмяняцца хаця б парай слоў, то гэта было б шырокім жэстам з боку Францыска», – падсумоўвае чэшскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.