Анонс програмы „Маніфест”: Галіна Пазьняк распавядае пра Янку Купалу
У Варшаве ладзяцца музычна-літаратурныя падзеі, прысвечаныя Янку Купалу. Падчас іх вядучая Галіна Пазьняк распавядае і пра інтэрпрэтацыю твораў паэта спеваком, кампазітарам і мастацкім кіраўніком “Песняроў” Уладзімірам Мулявіным. Адзін з прыкладаў такой “супрацы” – кампазіцыя “А хто там ідзе?”.
Расказвае Галіна Пазьняк:
– У 1905 годзе Янка Купала напісаў верш, які назвалі гімнам народа, які адраджаецца. Гэты верш, канешне, вядомы вам – «А хто там ідзе?». Вобраз паходу народа, які спазнаў бяду і гора і нясе на паказ усяму свету сваё гора з адной толькі мэтай – людзьмі звацца. У 80-ым годзе быў зроблены фільм на «Беларусьфільме» «Раскіданае гняздо». Да гэтага фільму кампазітар Картэс напісаў музыку. І там, у гэтым фільме, гучыць гэты твор «А хто там ідзе?». У гэтым творы вельмі добра і моцна кампазітар адчуў жаданне паэта перадаць вялікую мару беларуса людзьмі звацца, барацьбу за свой гонар чалавечы. І музыка таксама адпавядае настрою верша.
Пра прачытанне іншых твораў Янкі Купалы Уладзімірам Мулявіным Галіна Пазьняк распавядзе ў аўтарскім праекце Марыны Савіцкай “Маніфест”.
Праграма выйдзе ў суботу, 29-га красавіка, у 16:06 па польскім часе (альбо 17:06 па беларускім).
Беларускае Радыё Рацыя