Баскетбалісткі „Гарызонта” трэці раз запар сталі чэмпіёнкамі Беларусі
Баскетбалісткі „Гарызонта” трэці раз запар сталі чэмпіёнкамі Беларусі. У трэцім паядынку за золата падначаленыя Наталлі Трафімавай абыгралі гарадзенскую „Алімпію” 70:66. Раней яны таксама былі мацнейшыя – 63:52 і 61:60. У фінале мінулага сезона гэтыя супернікі таксама сустракаліся ў залатой серыі, і тады „Гарызонт” перайграў „Алімпію” з сухім лікам 3:0. Усяго ў актыве „Гарызонта” зараз 14 чэмпіёнскіх тытулаў, „Алімпія” станавілась чэмпіёнам 7 разоў.
Уладальніцамі бронзавых узнагарод сталі баскетбалісткі „Мінска”, якія святкавалі тры буйныя перамогі над „Гомельскімі рысямі” – 103:58, 100:51 і 94:56.
Футбалісты „Слуцка” выйгралі ў „Белшыны” ў чэмпіянаце Беларусі
Футбалісты „Слуцка” абыгралі бабруйскую „Белшыну” з лікам 2:1 у хатнім паядынку 6-га тура чэмпіянату Беларусі. У самым канцы першай паловы сустрэчы гаспадароў вывеў наперад Сяргей Глебка, адразу пасля перапынку Мікіта Мельнікаў падвоіў іх перавагу, а ў сярэдзіне другога тайма Арцём Гурэнка адыграў адзін гол. Для „Слуцка” гэта другая перамога ў сёлетнім першынстве, а бабруйчане пакуль не атрымалі ніводнай перамогі. У слуцкай каманды 4 ачкі і 11-е месца, бабруйчане маюць усяго 2 заліковыя балы і знаходзяцца на 14-й пазіцыі, апярэджваючы толькі берасцейскае „Дынама”. Сёння пройдуць яшчэ тры сустрэчы. Лідар першынства менскае „Дынама” згуляе ў Гародні з мясцовым „Нёманам”. У Мазыры „Славія” будзе супернічаць з жодзінскім „Тарпеда-БелАЗам”, а ў Барысаве БАТЭ сустрэнецца з футбалістамі „Смаргоні”.
Сасновіч не выйшла ў 3-ы раўнд турніру WTA у Мадрыдзе
Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч завяршыла выступы на турніры катэгорыі WTA-1000 у Мадрыдзе з прызавым фондам 7 мільёнаў 600 тысяч даляраў. У другім раўндзе беларуска, якая займае 47-е месца ў сусветным рэйтынгу, саступіла ў трохсэтавым паядынку чэшскай тэнісістцы Марыі Баўзковай, у якой 31-я пазіцыя, – 4:6, 7:6 (7:4), 3:6. Сустрэча працягвалася 2 гадзіны 45 хвілін. Раней экс-першая ракетка свету Вікторыя Азаранка таксама ў 1/32 фіналу прайграла амерыканцы Алісіі Паркс – 2:6, 6:7 (5:7).
Наймацнейшыя беларускія кідальнікі разыгралі медалі на спаборніцтвах у Берасці
У Берасце стартавалі міжнародныя спаборніцтвы па лёгкаатлетычных кіданнях памяці заслужанага трэнера СССР Яўгена Шукевіча. Удзел у першых спаборніцтвах сезона бяруць малатабойцы, штурхальнікі ядра, кідальнікі дзіды і дыскаболы, якія вызначаюць наймацнейшых у чатырох узроставых групах. У першы дзень спаборніцтваў спартсмены разыгралі 24 камплекты медалёў, мужчыны і жанчыны выявілі лепшых ва ўсіх чатырох відах. У штурханні ядра перамаглі Дзмітрый Карпук (20,57 м) і Алена Трус (17,49 м), у кіданні молата роўных не было Юрыю Васільчанку (76,66 м) і Анастасіі Маславай (68,65 м), дыск далей за ўсіх адправілі Уладзіслаў Пучко (58,59 м) і Улада Жаваранкава (49,91 м), а ў кіданні дзіды найлепшыя вынікі прадэманстравалі Аляксей Каткавец (85,06 м) і Таццяна Халадовіч (58,34 м).
Беларускае Радыё Рацыя
