Улады Варшавы канфіскавалі будынак школы пры амбасадзе Расеі



Улады польскае сталіцы канфіскавалі на карысць дзяржавы будынак, у якім размяшчалася школа пры расейскай амбасадзе.

Супрацоўнікам расейскай установы загадалі пакінуць будынак да вечара 29 красавіка. Дзяржаўнае агенцтва „РИА Новости” апублікавала відэа, як супрацоўнікі расейскага пасольства грузяць рэчы пад марш „Развітанне славянкі”.

Па словах амбасадара Расеі ў Польшчы Сяргея Андрэева, школа працягне працу ў іншым памяшканні дыпламатычнай місіі. Прадстаўнік МЗС Расеі Марыя Захарава заявіла, што ўслед рушыць „жорсткая рэакцыя” Масквы. Намеснік старшыні Савета бяспекі Расеі Дзмітрый Мядзведзеў прапанаваў разарваць дыпламатычныя адносіны з Польшчай. Як заявіў прадстаўнік МЗС Польшчы, будынак быў незаконна арандаваны расейскімі ўладамі.