Генадзь Коршунаў: Беларусам трэба павяртаць разуменне, што Еўропа вельмі блізкая да іх
Даследчы цэнтр Офіса Святланы Ціханоўскай правёў анлайн-прэзентацыю выдання „Палітыка Расеі ў дачыненні да Беларусі пасля 2020 года: на пераломе?”.
Актуальнае стаўленне беларусаў да Расеі і Еўропы прадставіў суаўтар выдання, старэйшы даследчык Цэнтра новых ідэй Генадзь Коршунаў:
– Прыхільнікаў уваходу Беларусі ў склад Расеі ніколі не было шмат. Зараз мы бачым толькі 5% за тое, каб увайсці ў склад Расеі. Нават тыя 60%, якія кажуць, што за саюз, то гэта эканамічны саюз ці адзіная эканамічная прастора без нейкага палітычнага саюза. Беларусы за апошнія 5-10 год зрабілі агромністы скачок да таго, каб развіваць праеўрапейскія каштоўнасці. Але праблема ў тым, што гэтыя каштоўнасці не асацыююцца з Еўропай.
Паводле сацыёлага, у Беларусі недавер да Еўропы насаджваўся рэжымам штучна, і патрабуе пераадолення. Пасля таго, як Еўропа падтрымала Украіну ў 2022 годзе, давер да яе ў беларусаў вырас на 10%.
Беларускае Радыё Рацыя