«Не тыя эмоцыі»
Любая масавасць, якая проста ці ўскосна звязана з Украінай, нясе небяспеку для расейскай улады. Таму за адменай парадаў, шэсцяў і першамайскіх дэманстрацый стаіць элементарны страх выкрыцця татальнай хлусні аб вайне. Аб вайне сённяшняй. Увесці свайго роду табу на падобныя мерапрыемствы – задача такая ж важная, як і бесперапынныя ін’екцыі прапаганды ў галовы расейцаў.
Штогод, пачынаючы з 2012 года (за выключэннем кавідных абмежаванняў), праходзіць вочнае шэсце «Несмяротны полк» – нашчадкі ветэранаў вайны ідуць з іх партрэтамі вуліцамі гарадоў і вёсак. У гэтым годзе сітуацыя можа апынуцца па-за кантролем улады: бо сваякі загінулых у расейска-ўкраінскай вайне захочуць прадэманстраваць новых «герояў». На жаль, шматлікія сапраўды ганарацца, але ёсць і іншая частка – тыя, якія могуць распавесці праўду аб рэальным становішчы на фронце.
Бо ў РФ ёсць такія рэгіёны, у якіх мужчынскія страты ў вайне катастрафічныя. Таксама ўлада баіцца, што журналісты могуць атрымаць нязручныя і нявыгадныя для яе адказы падчас кароткіх інтэрвʼю з удзельнікамі шэсця. Як альтэрнатыву, арганізатары «Несмяротнага палка» прапануюць размясціць фатаграфіі сваякоў-ветэранаў у сацсетках, на аўтамабілях і нават на вопратцы (а там недалёка і да фатаграфій на кубках).
Сапраўды, маршы і калоны – не адзіная форма праявы асабістай радзіннай памяці. А ў глабальным маштабе Дзень Перамогі цягам усёй пуцінскай эпохі служыў дэманстрацыяй ваеннай сілы РФ, якая адраджаецца і ўмацоўваецца. Адсюль і вялізнае сімвалічнае значэнне парада на 9 мая. Таму афіцыйная адмена павінна быць жалезна абгрунтаваная, інакш электарат не праглыне. Страшылкі аб магчымых ударах ВСУ па калонах людзей і тэхнікі – галоўная версія ўлады. Пытанне бяспекі. А як жа «гарматнае мяса» для фронта?
На думку многіх ваенных экспертаў, яшчэ адна з прычын адмены парадаў – нястача танкаў для дэманстрацыі, а гэта можа спарадзіць сумненне ў тым, што «ўсё ідзе згодна з планам». На жаль, ужо не тыя эмоцыі. У любым выпадку для бункернага дзеда рашэнне адмены парадаў і шэсця «Несмяротны полк» стала балючым ударам. А само свята – сімвалам нарастаючай слабасці рэжыму.
Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя