Фестываль Tutaka пройдзе сёлета пад Беластокам трэці раз



Фестываль Абуджаных Tutaka пройдзе сёлета 14-15 ліпеня пад Беластокам трэці раз.

Арганізатары пазіцыянуюць сёлетні фэст як «найбуйнейшую сустрэчу Вольных Беларусаў”. Цытата: «Нас не будзе столькі ж, як на пратэстах, але мы дакладна зноў хочам натхніцца той надзеяй, якая была з намі тады”.

Запрашаюць таксама ўсіх сяброў свабоднай Беларусі і аматараў беларускай культуры. У праграме ўжо заяўленыя: усебеларускі пікнік – можна прыехаць з намётам і карыстацца навакольным лесам або возерам з пляжам непадалёк, музычны і тэатральны фестываль – 2 дні жывой музыкі ад вядомых беларускіх музыкаў на вялікай сцэне, спектаклі для дзяцей і дарослых, сямейны адпачынак – майстар-класы, чытанні, гульні, заняткі для ўсёй сям’і.

Будуць арганізаваныя спартовы летнік, бізнэс-канферэнцыя, кірмаш, выстава беларускіх ініцыятыў, вольныя пляцоўкі для тых, хто жадае паказаць сябе. Прадугледжваецца анлайн-трансляцыя фестывалю.

Месцам падзеі зноў стане ўрочышча Барык каля Гарадка, дзе раней праходзіў фестываль «Басовішча». 

Беларускае Радыё Рацыя