Амбасада Беларусі не здолела назваць даты эвакуацыі беларусаў з Судану
Прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз гаварыў, што ў Судане знаходзіцца 10 грамадзян Беларусі. Цяпер ім рэкамендуюць чакаць магчымасці выезду з краіны, але без канкрэтыкі.
Эвакуацыя беларускіх грамадзян з Судану правядуць, калі будзе забяспечана іх бяспека, заявіў у эфіры тэлеканала АНТ амбасадар Беларусі ў Егіпце і Судане (па сумяшчальніцтве) Сяргей Цярэнцьеў.
«Асноўная складанасць — у нестабільнасці сітуацыі. Дамоўленасці паміж бакамі канфлікту пастаянна дасягаюцца. Пастаянна чуем навіны аб перамір’і. Але ў той жа час абодва бакі гэтыя дамоўленасці парушаюць», — зазначыў Цярэнцьеў.
Амбасадар, аднак, не здолеў назваць нават прыблізныя тэрміны эвакуацыі, адзначыўшы, што «не толькі Беларусь, не толькі расейскі бок, але і іншыя краіны рэкамендавалі сваім грамадзянам, якія знаходзяцца ў Хартуме, у гарачых пунктах, заставацца ў бяспечных памяшканнях».
17 красавіка МЗС папярэдзіла, што ў сувязі са складаным становішчам у Судане беларускім грамадзянам неабходна ўстрымацца ад наведвання краіны да поўнай стабілізацыі сітуацыі.У гэты дзень у Судане пачаліся беспарадкі, прычынай якіх стаў канфлікт паміж рэгулярным войскам, якім камандуе цяперашні кіраўнік дзяржавы Абдэль Фатах аль-Бурхан, і сіл хуткага рэагавання, якія ўзначальваюцца Мухамедам Хамданам Дагло. Пасля ваеннага перавароту, учыненага ў кастрычніку 2021 года, Суданам кіруе Пераходная суверэнная рада пад старшынствам генерала аль-Бурхана.
Беларускае Радыё Рацыя