2400 спробаў незаконна перасекчы мяжу Польшчы з боку Беларусі за красавік
Цягам красавіка супрацоўнікі польскай памежнай службы зафіксавалі каля 2400 спробаў мігрантаў незаконна перасекчы мяжу Польшчы з боку Беларусі, паведаміла ведамства ў апошні дзень месяца.
З пачатку года такіх спроб было ўжо каля 8 тысяч, удакладняе пагранслужба Польшчы.
29 красавіка была спынена 31 спроба парушальнікаў патрапіць у Польшчу. Акрамя таго, за дапамогу ў нелегальнай міграцыі быў затрыманы грамадзянін Узбекістана, які перавозіў чатырох сірыйцаў, і грамадзянін Індыі, які вёз двух індыйцаў і аднаго грамадзяніна Афганістана.
Напярэдадні за такое ж парушэнне быў затрыманы грамадзянін Беларусі: ён вёз адразу 18 афганцаў.
Не спыняюцца і інцыдэнты на мяжы. Ноччу 28 красавіка памежны патруль быў закіданы камянямі – гэта адбылося падчас аказання дапамогі аднаму з мігрантаў, які траўмаваў нагу. Кідалі камяні іншыя асобы яго групы, якія пры выглядзе патруля адышлі назад на беларускі бок. Траўмаванага самалійца забралі ў шпіталь.