Батумі: год беларускай прасторы LinX



1 траўня 2023 году спаўняецца год як у самым цэнтры грузінскага Батумі працуе беларуская прастора LinX.

Яе заснавальнік і кіраўнік Мікіта Маханькоў распавёў пра стварэнне прасторы:

Прыкладна ў сакавіку я прыехаў у Батумі. Без асаблівых думак адносна таго, чым займацца. Хутка зразумеў, што нейкую канкрэтную працу тут знайсці будзе вельмі складана без ведання грузінскай мовы. З’яўвілася думка зрабіць каворкінг, тым больш у мяне ёсць пэўны вопыт. Памяшканне знайшлі вельмі хутка. Недзе месяц пайшоў на пошукі. Тут такая асаблівасць, што ўсё трэба шукаць афлайн.

На думку Мікіты, прастора таксама стала месцам, дзе перыядычна ладзяцца розныя беларускія імпрэзы:

На беларускую тэматыку ў нас было некалькі этапаў гістарычнай накіраванасці. Мы па панядзелках імкнемся глядзець кіно ў беларускай агучцы. Мне ўсё жыццё здавалася, што гэта як бурштын, яго мала ў свеце. Але на самой справе на беларускую мову агучана вялікая колькасць фільмаў. І я з вялікім задавальненнем сам іх пераглядаю. Людзей збіраецца досыць шмат.

Пляцоўка LinX таксама шточацвер збірае беларусаў на беларускі нэтворкінг і на такія сустрэчы прыходзяць ад 20 да 30 чалавек, каб паразмаўляць між сабою па-беларуску.

Беларускае Радыё Рацыя