Вярхоўная Рада Украіны прызнала «рашызм» дзяржаўнай ідэалогіяй Расеі
Вярхоўная Рада Украіны прыняла заяву «Аб прызнанні існуючага ў Расейскай Федэрацыі палітычнага рэжыму рашызмам і асуджэнні яго ідэалагічных асноваў і грамадскай практыкі як таталітарных і чалавеканенавісніцкіх».
У заяве парламент Украіны звяртаецца да ААН, Еўрапарламенту, ПАРЭ, Парламенцкай асамблеі АБСЭ, Парламенцкай асамблеі NATO, урадаў і парламентаў замежных краін падтрымаць асуджэнне ідэалогіі, палітыкі і практыкі рашызму.
Вярхоўная Рада таксама заклікае міжнародную супольнасць прымяніць рэальныя захады, якія дазволяць прыцягнуць ваенна-палітычнае кіраўніцтва Расеі да адказнасці за здзяйсненне злачынства агрэсіі, ваенных злачынстваў, злачынстваў супраць чалавечнасці і генацыду супраць Украіны і яе народа.
Згодна з зацверджанай заявай, прыкметамі рашызму з’яўляюцца: мілітарызм, культ правадыра і сакралізацыя дзяржаўных інстытутаў, самаўзвялічванне Расейскай Федэрацыі шляхам гвалтоўнага ўціску і/або адмаўлення існавання іншых народаў, навязванне расейскай мовы і культуры на іншыя народы, прапаганда ідэй «русского мира», сістэматычнае парушэнне норм і прынцыпаў міжнароднага права, суверэнных правоў іншых дзяржаў, іх тэрытарыяльнай цэласнасці і міжнародна прызнаных межаў.
Беларускае Радыё Рацыя