Экс-ваяр палка Каліноўскага: Цяпер вайна тэхналогій



Беспілотныя лятальныя аб’екты ў расейска-ўкраінскай вайне адыгрываюць вельмі значную ролю: часам яны нават выратоўваюць жыцці людзей. Пры гэтым кошт некаторых мадэляў дасягае 30 000 даляраў, але самыя простыя з іх чалавек можа зрабіць самастойна.

Ілюстрацыйнае фота.

„Госць Рацыі” – экс-ваяр палка Каліноўскага, які стварае планеры для ўкраінскай арміі. Яго імя мы не называем у мэтах бяспекі. Але эксперт распавёў, як дроны з’явіліся ў яго жыцці, а таксама чаму БПЛА настолькі важныя ў сучасных рэаліях.

Цяпер вайна тэхналогій, а БПЛА забяспечваюць бяспеку людзям. Раней выведка ажыццяўлялася жывой сілай, а цяпер за людзей гэта робіць тэхніка. Зразумелая справа, што яна дарагая і яе шкада губляць, але гэта не чалавечае жыццё. БПЛА, дроны, самалёты, планеры, верталёты, кіруемыя мадэлі – гэта добры рывок паўсюдна, у тым ліку і на вайне.

РР: Куды зараз рухаецца развіццё БПЛА? Якім яно становіцца? Ці ёсць розніца?

– Можам казаць канкрэтна пра тыя ўмовы, якія ёсць на тэрыторыі Украіны. Не будзем казаць канкрэтна пра Расею ці пра Украіну, рухаюцца і развіваюцца яны ўсе вельмі хутка, што адзін, што другі бок. Наколькі развіваецца Расея сказаць не магу, але што датычыць Украіны, то мы бачым, што там выкарыстоўваюцца дроны-камікадзэ, нейкія серыйныя завадскія дроны для выведкі і карэктыроўкі агню. Плюс у мяне ёсць знаёмыя ўкраінцы, якія займаюцца распрацоўкай дронаў, зборкай дронаў. Яны ўжо робяць непасрэдна баявыя дроны, якія могуць падымаць вельмі шмат карыснай нагрузкі на сабе. Карысная нагрузка можа быць гуманітарнай дапамогай у тую зону, куды не можа дайсці пяхота ці тэхніка. Карыснай нагрузкай могуць быць і выбухованебяспечныя штукі кшталту снарадаў, гранат, мін, якія скідваюцца непасрэдна на варожыя пазіцыі.

РР: Якіх менавіта поспехаў удалося дасягнуць дзякуючы БПЛА?

Пачнём з самага пачатку вайны, калі толькі ва Украіне з’явіліся „Байрактары” турэцкай вытворчасці. Яны вельмі дапамагалі ўкраінскаму войску, бо гэта не проста БПЛА, гэта цэлы комплекс БПЛА, які кіруецца не адным чалавекам. Гэтыя „Байрактары” маглі на сабе несці дастатковую колькасць снарадаў, каб знішчаць тэхніку, як на сушы, так і на вадзе. Прыгадаем, што падчас вызвалення вострава „Змяіны”, падчас контрнаступу ўзброеных сіл Украіны, выкарыстоўваліся ў тым ліку і „Байрактары”, якія знішчалі расейскія катары. Далей усё пайшло развівацца больш значна ў плане БПЛА. Па-першае, гэта выведка, якая ажыццяўляецца пры дапамозе завадскіх дронаў. Далей украінцы самі пачалі FPV дроны, якія не шмат падымаюць канешне, але пры правільным кіраванні і патрэбным кропкавым трапленні ў пэўную мэту будзе вельмі добры вынік. Напрыклад, возьмем нядаўні выпадак з Севастопалю, калі здарылася „бавоўна” на нафтабазе. Прыехала гасіць здаецца шэсцьдзясят разлікаў. Адпаведна гэты ўдар быў нанесены беспілотнікам. Я думаю, што гэта хутчэй за ўсё нейкі планер-камікадзэ. Нейкіх яскравых падзей, якія адбыліся дзякуючы дронам ва Украіне, напэўна цяжка назваць, яны ўсе па-свойму яскравыя. Тая ж самая „бавоўна” у Севастопалі гарэла вельмі доўга. Дроны, беспілотнікі, увесь комплекс БПЛА вельмі моцна дапамагае і ўкраінцы кожным нават невялікім дронам крочаць наперад да перамогі.

РР: Як вы можаце пракаментаваць сітуацыю ў мачулішчах?

– Гэта ўвогуле забаўная гісторыя. Беларускае дзіравае ПВА, выдатная зладжаная праца людзей, якія запускалі гэты дрон. Можна яшчэ дадаць поўнае разгільдзяйства на такіх вось звышсакрэтных, звышважных, звыш стратэгічных аб’ектах, як Мачулішчы. Мы ўсе бачым расейскую армію, калі нам крычаць, што гэта другая армія свету, а Лукашэнка б’е сябе ў грудзі і крычыць, што наша армія гатовая адбіць любую атаку, то становіцца проста смешна. Калі нават з тэрыторыі Беларусі здзяйсняецца такая акцыя.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Сачыць за дзейнасцю „Госця Рацыі” можна праз інстрам-акаўнт „Белрактар”.

З экспертам па дронах размаўляла наш карэспандэнт Марына Савіцкая.

Беларускае Радыё Рацыя