Колькі бюджэтных грошай пойдзе на салюты?



Сёлета 9 траўня святочны феерверк адбудзецца не толькі ў Менску – салюты запланаваныя ва ўсіх буйных гарадах Беларусі.

– Найдаражэйшы феерверк адбудзецца ў Менску. На сайце дзяржзакупак у заяўцы на пошук выканаўцы ад “Менскканцэрту” пазначаная сума 220 тысяч беларускіх рублёў, – распавядае Zerkalо.iо.

– На другім месцы па кошце – Берасце, дзе на салют запланавалі патраціць 25 тысяч рублёў. Крыху менш выдаткуюць у Гародні – 19,5 тысяч рублёў.

– У Віцебску феерверк будзе каштаваць 11 тысяч рублёў, у Магілёве – 8 тысяч. У Бярозе, хоць гэта не абласны і нават не самы буйны з раённых цэнтраў, на салют з бюджэту пойдзе 9 тысяч рублёў.

– У Гомелі адбудзецца два феерверкі: адміністрацыя Чыгуначнага раёна плануе патраціць на гэта 5 тысяч рублёў, Савецкага – 3 тысячы рублёў.

Эканоміка Беларусі “пагружаецца ў яму”

Каля 1% насельніцтва з’ехала з Беларусі, а эканоміка “пагружаецца ў яму”. У бюлетэні „Маніторынг эканомікі Беларусі” эксперты незалежнага акадэмічнага даследчага цэнтра BEROC выбіраюць тры найбольш важныя эканамічныя тэндэнцыі, адзначае @dw_belarus. У красавіцкім выпуску яны такія:

– З краіны з’ехала каля 1% насельніцтва. Па меркаванні экспертаў, за апошнія два гады з Беларусі эмігравалі каля 100 тысяч чалавек. І тэндэнцыя працягнецца. Да палітычных прычын рэлакацыі дадаліся эканамічныя.

– Беларусь губляе малы і мікрабізнес. За паўгода колькасць малых кампаній у Беларусі знізілася на 2 працэнты, сярэдніх – на 1 працэнт. Калі хуткасць захаваецца, сітуацыя можа стаць катастрафічнай, пішуць аналітыкі BEROC. Цягам 3-4 гадоў Беларусь можа страціць да чвэрці малых і сярэдніх прадпрыемстваў.

– Эканоміка „павольна апускаецца ў яму”, лічаць эксперты. Перспектывы неспрыяльныя: усё большая залежнасць ад Расеі, адмежаванне ад развітога свету і перадавых тэхналогій, архаізацыя бізнес-асяроддзя.

Прыёрбанк” уводзіць вялізную камісію за рахункі ў далярах і еўра

На сайце ўстановы з’явілася інфармацыя аб зменах у абслугоўванні бягучых рахункаў у далярах ЗША і еўра. 750 беларускіх рублёў штомесяц давядзецца плаціць тым, у каго па стане на апошні працоўны дзень месяца рэшта на рахунку складае 50 000 даляраў ЗША ці еўра і больш. Новаўвядзенні пачнуць дзейнічаць з 1 чэрвеня.

Дзеянні банка эканаміст Настасся Лузгіна тлумачыць тым, што „Прыёрбанк” такім чынам хутчэй за ўсё хоча адысці ад аперацый у «несяброўскіх» валютах — каб людзі самі закрылі свае валютныя рахункі праз вялікі стаўкі.

На 98,3% абектах кулінарыі выявілі парушэнні пасля праверкі санстанцыі

Паведамляецца, што агулам праверку прайшлі 598 аб’ектаў, якія вырабляюць кулінарныя, кандытарскія і хлебабулачныя вырабы. З-за парушэнняў утылізаваць прыйшлося 3,3 тоны небяспечнай прадукцыі. Згодна з лабараторным даследаванням прадуктаў, неадпаведнасці ў мікрабіялагічных паказчыках выяўленыя ў кожным сёмым узоры кулінарнай прадукцыі.

Пасля праверкі 18 арганізацый аштрафаваныя на 289 базавых велічынь, 57 асоб – на 206 базавых велічынь. Акрамя таго, было выпісана больш за 200 прадпісанняў, паведамляе t.me/belsat.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: Dely.by