Паліна Кузняцова: Мы марылі пра тое, як усё будзем мяняць
З Беларусі з’язджаюць не толькі айцішнікі і актывісты. З’язджаюць творчыя асобы. Сярод іх – мастачка і ткачыха Паліна Кузняцова, якой на радзіме бракавала свабоды выказвання. Свой ткацкі станок яна вымушаная была пакінуць. Але ў Фінляндыі яна таксама паставіла кросны і працягвае займацца любімай справай – ткацтвам.
Пра жыццё ў эміграцыі і надзеі на вяртанне разважае рамесніца Паліна Кузняцова ў гутарцы з Юліяй Сівец.
РР: Што паўплывала на тваё рашэнне эміграваць? Што было апошняй кропляй?
– Апошняй кропляй стала вайна ва Украіне. Для мяне стала немагчымым працягваць маўчаць і чакаць нейкіх перамен. Калі людзі пачалі гінуць ва Украіне і гэта ўсё пачало апраўдвацца, я проста зразумела, што не змагу ў гэтай краіне расціць дзяцей, бо не змагу іх выхаваць годнымі людзьмі з нейкімі чалавечымі каштоўнасцямі. Калі ўся краіна з усімі школамі, усім тэлебачаннем будзе іх запэўніваць у тым, што людзей можна забіваць, што на гэта ёсць нейкія прычыны.
РР: Ці быў страх там знаходзіцца? Ці проста было некамфортна знаходзіцца ў краіне?
– Канешне нельга сказаць, што я не баялася, бо я бачыла палаючыя самалёты ў небе ў адну з начэй, які вяртаўся з Украіны падбіты. Ён кружляў над нашым горадам і гэта было жахліва. У мяне дзеці спалі, я не ведала зваліцца ён ці даляціць. Гэта канешне было не галоўная прычына. Галоўнай прычынай быў мой страх, што я буду казаць дзецям праўду, яны гэта ў школе раскажуць, а потым да мяне прыйдуць. Я больш не магла маўчаць, я да самага ад’езду працягвала пісаць пра тое, што я гэта не падтрымліваю, што я катэгарычна супраць вайны. Я лічу гэта ўсё жахлівым злачынствам супраць чалавецтва. Канешне з такімі поглядамі я разумела, што мяне проста пасадзяць з часам, таму не змагла заставацца. Я ўзяла дваіх дзяцей, дзве торбы рэчаў і з’ехала.
РР: Вы займаліся ткацтвам. Не было думкі, чым займацца на новым месцы?
– Канешне думала і баялася. Проста спадзявалася, што першы час, пакуль я буду там працаваць прачкай ці пасудамыйкай, што з часам я тут знайду станок і пачну хаця б у якасці хобі працягваць сваю любімую справу. У выніку ўсё склалася нейкім увогуле неверагодным чынам. З самых першых дзён, калі я трапіла ў мастацкую рэзідэнцыю, тут у Фінляндыі, я працягнула займацца ткацтвам, я працягнула сваё рамяство.
РР: Адкуль узяліся кросны?
– Фінляндыя – гэта такая краіна ткачоў, дзе на пяць мільёнаў чалавек некалькі фабрык, якія вырабляюць ткацкія станкі і абсталяванне, таму іх не праблема тут дастаць.
Беларускае Радыё Рацыя