Зміцер Вайцюшкевіч прывёз у Вільню „Красуню-вясну”
«Красуня-вясна» нарэшце завітала ў Вільню. 5 траўня ў арт-кавярні Paviljonas адбыўся веснавы канцэрт знакамітага беларускага музыкі Змітра Вайцюшкевіча.
Як і абяцалі арганізатары, на імпрэзе адчуваўся добры настрой, сяброўская атмасфера і гучалі любімыя песні, якія прысутныя выконвалі разам са Змітром.
Сваімі ўражаннямі падзяліліся наведвальнікі канцэрта, у тым ліку і блогер Андрэй Павук:
– Ён мяне вельмі здзівіў, гэты хлопец. Шчасця яму і здароўя, доўгіх гадоў жыцця! Гэта тая зброя, якая бурыць муры аўтакратыі, дыктатуры лукашызму і страху. Ён мяне зарадзіў зарадам бадзёрасці і рашучасці.
– Вельмі ўтульна было. Вельмі прыемна было быць разам з беларусамі. І вось такое адчуванне, як ты дома ў вялікай-вялікай сям’і, калі ўсе збіраюцца на свята, радуюцца.
– Вельмі спадабалася. Але давайце казаць шчыра, што Зміцер Вайцюшкевіч дрэнна не выступае. Дзякуй яму за тое, што прыязджае да нас і трохі нас вяртае на радзіму.
Зміцер Вайцюшкевіч выконваў шмат разнастайных, вядомых і не вельмі вядомых, узнёслых, патрыятычных і рамантычных песень на вершы беларускіх паэтаў. І падзяліўся з прысутнымі тым, што стварае новы альбом не толькі для дарослых, але і для дзяцей.
– Тут нікога няма з дзецьмі. Звычайна на канцэртах у Амерыцы, у Швейцарыі, у Капенгагене шмат беларускіх дзяцей. Я раскажу вам таямніцу – я пачаў рабіць новы альбом. Новы альбом для дзяцей. Новы альбом, прысвечаны тату. Бо мы ўвесь час: мама-мама. А пра тату мы ўвесь час забываем. І гэта сацыяльна важная тэма.
Зміцер Вайцюшкевіч паабяцаў прыехаць у Вільню на Каляды, аднак беларусы прасілі яго часцей наведваць сталіцу Літвы з канцэртамі.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя