У якія краіны з прычыны санкцый нельга адправіць лісты з Беларусі?
З Беларусі цяпер нельга адправіць лісты ў Фінляндыю і Украіну. Адтуль таксама карэспандэнцыя да нас не ідзе. У ЗША з Беларусі лісты ідуць, а са Злучаных Штатаў у Беларусь ужо не ідуць. Пра гэта паведамілі на “Белпошце”, піша Office Life.
Там удакладнілі, што санкцыі стварылі пытанні па лагістыцы карэспандэнцыі і з іншымі краінамі, але прадпрыемству ўдалося перабудаваць маршруты. Тэрміны адпраўленняў могуць павялічыцца, бо давялося некаторыя авіяперавозкі замяніць на аўтаперавозкі.
Складанасці з адпраўкай лістоў паўсталі ў 2022 годзе, калі Асацыяцыя еўрапейскіх паштовых аператараў PostEurop прыпыніла сяброўства “Белпошты” і “Почты России”. Пры гэтым беларускі аператар сёння з’яўляецца сябрам Сусветнага паштовага саюза.
Золатавалютныя рэзервы за красавік істотна зменшыліся
Нацбанк апублікаваў свежую статыстыку па колькасці золатавалютных рэзерваў за красавік. За месяц яны зменшыліся на 130,4 мільёна даляраў і цяпер складаюць 7 мільярдаў 968,2 мільёна даляраў.
Цяпер Нацыянальны банк не раскрывае, якім чынам растуць ці наадварот змяншаюцца рэзервы. Ужо амаль год гэтая статыстыка засакрэчаная. Згодна з планамі рэгулятара, на канец года залаты запас краіны павінен складаць не менш за шэсць мільярдаў даляраў.
У красавіку аўтарынак у Беларусі паказаў некаторае ажыўленне
Паводле справаздачы Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі, у красавіку колькасць прададзеных новых легкавых аўтамабіляў у параўнанні з сакавіком вырасла амаль на 11%. Агулам у красавіку прадалі 1661 новую машыну. Калі параўнаць з годам раней, то аб’ём красавіцкага продажу вырас на 86%.
Лідарам продажу ў бягучым годзе застаецца “Geely” – у красавіку прадалі 3218 аўтамабіляў гэтай маркі, другое месца займае “LADA”, на трэцім месцы размясцілася “AUDI”.
У Варшаве дастаўшчыкам ежы працуе… робат
У Варшаве з’явіўся арыгінальны кур’ер, які дастаўляе ежу, піша партал Wirtualnemedia.pl. Робата тэсціруе кампанія па дастаўцы ежы Pyszne.pl у супрацоўніцтве з адным з рэстаранаў індыйскай кухні. Робат, які нагадвае скрынку на колах, едзе да кліента самастойна, але ў выпадку праблем ім кіраваць можа аператар. Пасля прыбыцця на месца робат звоніць кліенту і інфармуе, што знаходзіцца каля будынка. Адначасова заказчык атрымлівае СМС-паведамленне з кодам, каб ён мог адкрыць кантэйнер і забраць заказ.
Праца робата абмежаваная радыусам тры кіламетры. Тэсты працягнуцца да паловы мая. А калі кампанія Pyszne.pl будзе задаволеная вынікамі, то на вуліцах польскай сталіцы з’явіцца больш робатаў-дастаўшчыкаў ежы.
Беларускае Радыё Рацыя.