Колькі беларусаў выехала ў Польшчу?
Па стане на сакавік 2023 года, у Польшчы афіцыйна працуе каля 116 тысяч грамадзян Беларусі. Такія даныя прыводзіць польскі ZUS (аналаг беларускага ФСАН). Заўважна, што за апошнія паўтара года гэтая лічба вырасла амаль у 2 разы. Па стане на канец 2021 года ў Польшчы працавала 67,7 тысячы беларусаў, у 2020 такіх было каля 50 тысяч. Для параўнання: у 2016 у Польшчы працавала ўсяго 14,3 тысячы беларусаў. Такім чынам, лічба вырасла больш як на 100 тысяч чалавек.
Аднак колькі з іх выехала на нейкія сезонныя працы ці працуе дальнабойшчыкамі, а іх сем’і засталіся ў Беларусі — невядома, паведамляе nashaniva.com.
З другога боку, трэба ўлічваць, што не ўсё беларусы працуюць легальна, а частка з тых, хто працуе, там жыве сем’ямі. Дзеці і непрацуючыя партнёры ў гэтую статыстыку не трапілі.
Па стане на красавік 2023 года колькасць беларусаў у Польшчы з дзейнымі ВНЖ або ПМЖ склала 75,7 тысячы чалавек.
Істотная розніца паміж колькасцю працуючых у Польшчы беларусаў і ўладальнікамі дзейных ВНЖ тлумачыцца даволі проста. Па-першае, тыя, хто з’ехаў нядаўна, жывуць па візе. Па-другое, у Польшчы праз пандэмію, а потым і наплыў уцекачоў з Украіны і Беларусі, працэс атрымання дазволаў на жыхарства стаў займаць вельмі шмат часу (каля 6 месяцаў і болей). Таму частка мігрантаў жыве і працуе там без дзейнай візы або ВНЖ. Яны знаходзяцца ў краіне на падставе штампа ў пашпарце, дзе пазначана, што яны падалі дакументы на атрыманне ВНЖ/ПМЖ.
Па-трэцяе, уладальнікі карты паляка робяць нацыянальныя візы на 365 дзён знаходжання, з якімі могуць без праблем жыць і працаваць у Польшы.
І яшчэ адно: шматлікія беларусы ўжо зняверыліся ў радзіме і атрымалі польскае грамадзянства. Толькі летась 2985 грамадзян Беларусі атрымалі польскія пашпарты. І хоць амаль усе яны з’ехалі раней за 2020 год, бо нават уладальнікі карты паляка могуць атрымаць грамадзянства не раней за 1,5—2 гады, такія лічбы таксама сведчаць пра тое, што людзі з Беларусі з’язджаюць тысячамі. Адбывалася гэта і раней, але, як паказвае розная статыстыка, за апошнія гады працэс паскорыўся ў некалькі разоў.
Апроч гэтага, у даных спісах не адлюстроўваюцца студэнты, які пражываюць у краіне на падставе студэнцкай візы або візы па карце паляка. Па даных за 2021 год, у польскіх ВНУ вучыліся 11 076 беларусаў. Заўважна, што іх колькасць штогод таксама расце. Напрыклад, у 2012 годзе ў Польшчы вучыліся толькі 2344 студэнты з Беларусі, у 2020 — 9736.
Аб тым, што ўсё больш беларусаў застаецца ў Польшчы на ПМЖ, сведчыць і шэраг іншых фактараў. Напрыклад, летась нашы суграмадзяне ўвайшлі ў топ-3 купцоў нерухомасці ў гэтай краіне сярод замежнікаў.
З 2021 года назіраецца імклівы рост беларускага бізнэсу ў Польшчы.