Як змянілася Украіна за час вайны?



Госці Рацыі Вольга Івашына і Наталля Самсонава, якія яшчэ літаральна на мінулым тыдні былі ва Украіне. Яны падзяліліся з намі сваімі ўражаннямі.

РР: Калі вы апошні раз былі ва Украіне і што памянялася за гэты час?

Вольга Івашына: Апошні раз да вайны – мы з Дзянісам ездзілі на „мядовы месяц” у 2019 годзе. Канешне ў параўнанні з тым часам бесклапотнасці, бо вайна ішла, але ў абмежаваных кропках, гэтым разам мы ездзілі з гуманітарнай місіяй. Везлі падарункі, нашым каліноўцам. Адразу калі ўязджаеш, то адчуваеш, што краіна на ваенных рэйках. Людзі не такія расслабленыя, якімі яны былі раней. Тая ж размова на мяжы з памежнікамі, усе са зброяй ходзяць. Больш сур’ёзна ўсё адчуваецца. Калі ўязджаеш у гарады, то там звычайна нейкія супрацьтанкавыя загароды, усё падрыхтавана, каб хутка забарыкадаваць дарогі. Рэха з часоў раптоўнага нападу, які рашысты спрабавалі арганізаваць у лютым. Калі мы былі на той час, то ні разу не пачулі сірэнаў, пашанцавала, бо адразу, калі мы з’ехалі, то сірэны акурат пачаліся. Былі ў Кіеве, там больш-менш усё спакойна. Жыццё вяртаецца, бо ад вайны далекавата. Калі не лічыць таго, што ў цэнтры горада кожны дзень адбываюцца пахаванні. Ёсць агароджы – супрацьтанкавыя „вожыкі”. Усё падрыхтавана на момант, калі спатрэбіцца. Таксама паздымалі, асабліва ў цэнтры, пазнакі з нумарамі дамоў і назвамі вуліц, каб заблытаць ворага, калі ён раптам зноў прыйдзе. У прынцыпе Кіеў жыве больш-менш, як і раней.

Наталля Самсонава: Апошні раз ва Украіне я была ў 2019 годзе, ездзіла да сяброўкі ў Запарожскую вобласць, вёска Васільеўка. Яна зараз акупаваная, у хаце маёй сяброўкі жывуць расейскія акупанты. Прыгадваючы 2019 год, то Украіна была вельмі прыгожай, адкрытай дзяржавай. Украіна – гэта заўжды нейкае свята, гэта заўжды песні, танцы і вельмі смачная ежа. Зараз я разумею, што ў Васільеўку пакуль бліжэйшым часам не даехаць, бо яна акупаваная. Сам Кіеў адзін з маіх любімых гарадоў. Цяпер ідзеш па Кіеве і паўсюль рэха вайны. Паўсюль вісяць партрэты загінулых, у цэнтры Кіева на Майдане стаяць сцяжкі на якіх напісаныя імёны людзей, якія аддалі сваё жыццё за Украіну. Сярод гэтых сцяжкоў стаяць нашы бел-чырвона-белыя сцяжкі з імёнамі нашых хлопцаў. У Кіеве зараз вельмі шмат людзей, ідзеш і сустракаеш маладых хлопцаў, у якіх няма рук, ног. Праязджаючы вёскі, бачыш могілкі, а могілках стаяць сцягі. Гэта значыць, што чалавек загінуў на вайне, аддаў сваё жыццё за свабоду і незалежнасць Украіны. Знаходзіцца ў Кіеве ў той момант, калі не было не сірэн, не стралялі, не забівалі, усё роўна вельмі цяжка.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя