“Гандляваць палітзняволенымі з тэрарыстамі нельга!”
Кажа Госць Рацыі – Яўген Вільскі, выконваючы абавязкі кіраўніка партыі Мікалая Статкевіча „Народная Грамада”.
Такі галоўны пасыл быў выступаў і беларускай дэлегацыі на пасяджэнні Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, куды напрыканцы красавіка ездзілі прадстаўнік “Руху за Свабоду” Юрась Губарэвіч, жонка Алеся Бяляцкага – Наталля Пінчук і сённяшні Госць Рацыі – Яўген Вільскі.
Пра гэтую паездку з ім размаўляе наша карэспандэнтка Таццяна Смоткіна.
РР: Вы нядаўна вярнуліся з Асамблеі Рады Еўропы, дзе разглядаліся беларускія пытанні. Як фармавалася група, як вы туды трапілі і якія асноўныя пытанні там гучалі менавіта датычныя Беларусі?
Яўген Вільскі: Апошнім часам тэма беларусаў, і ў Беларусі асабліва, з пачаткам вайны сышла на другі план. То-бок наперадзе стала вайна, паўсюль украінскае пытанне, і тэма беларусаў стала другаснай. Гэта мы бачым і на побытавым узроўні, і на палітычным сярод кіраўнікоў краін. Але вайна зацягнулася, і беларусы сваёй актыўнасцю ў Палку Каліноўскага таксама спрабуюць падняць гэтае пытанне. Таму Еўропа зноў вяртаецца да пытання пра Беларусь.
З’явілася такая ідэя, што беларускія палітычныя партыі будуць прымаць удзел у пасяджэннях камітэтаў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы раз у квартал на ратацыйнай аснове, то-бок раз у квартал тры прадстаўнікі трох розных партый будуць ездзіць у Страсбург і даносіць меркаванне беларусаў для еўрапейскай грамадскасці, якая нейкім чынам можа ўплываць на беларускі парадак дня.
Вось гэты выезд у Страсбург 26-27 красавіка быў першы – эксперыментальны, скажам так. У паездцы ўдзельнічаў прадстаўнік партыі “Народная грамада”, прадстаўнік Руху “За свабоду” і жонка Алеся Бяляцкага. Пасля яшчэ з’явілася Таццяна Хоміч, хоць яна не была ў дэлегацыі. Але нейкім чынам у адным з пасяджэнняў разам з намі прымала ўдзел. Можа, у яе свая асобная праграма была.
Мы прымалі ўдзел у двух камітэтах. У палітычным камітэце ўзнімалася пытанне пра стан спраў у Беларусі і палітычных зняволеных. Мы там выступалі з трыма дакладамі, цяжка сказаць даклады – з выступленнямі, кожнаму адводзілася 5 хвілін на выступленне.
РР: Хто выступаў і на чым засяроджвалася ўвага ў гэтых выступах?
Яўген Вільскі: Увага засяроджвалася на стане палітзняволеных у Беларусі. Гэта была асноўная тэма. Выступаў Юрась Губарэвіч, я і жонка Алеся Бяляцкага. Зразумела, усе людзі тэму разумелі. Мой выступ быў узгоднены з жонкай Мікалая Статкевіча, якая актыўна таксама займаецца праваабарончай дзейнасцю. Таму ўсе апошнія дадзеныя пра стан рэчаў з палітычнымі зняволенымі мы мелі.
Галоўным матывам нашых выступаў было тое, што нельга гандляваць палітзняволенымі.
РР: І нават Наталля Пінчук таксама гэтую думку падтрымлівала, хоць Алесь Бяляцкі сядзіць ужо даўно?
Яўген Вільскі: Так, Наталля Пінчук падтрымлівала гэтую тэму. Ва ўсіх прадстаўнікоў нашай дэлегацыі меркаванне было адно, нават не дамаўляючыся мы выступалі ў адным ключы: гандляваць палітзняволенымі нельга. Можна ставіць нейкія ўльтыматумы рэжыму, можна за кошт ультыматумаў рабіць нейкія крокі па вызваленні, але тых зняволеных, якія знаходзяцца ў найбольш бядотным стане, – гэта жанчыны, хворыя ды іншыя людзі. Але выкупаць палітзняволеных не трэба ні ў якім разе. Чаму?
Таму што, па-першае, гэта не мае ніякага сэнсу, выпусціўшы палітзняволеных рэжым набярэ новых і паставіць гэтую справу на паток, гэта будзе бізнес на пакутах людзей. І не факт, што выпусціўшы палітзняволеных і дамогшыся нейкіх прэферэнцый ад Захаду, зноў жа не арыштуюць тых жа самых.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя