Азаранка і Хадад Майя выйгралі парны разрад турніру WTA-1000 у Мадрыдзе



Беларуска Вікторыя Азаранка і бразільянка Беатрыс Хадад Майя сталі пераможцамі парнага разраду турніру WTA-1000 у Мадрыдзе. У вырашальным матчы яны абыгралі амерыканскую пару Джэсіка Пегула / Коры Гаўф – 6:1, 6:4. У фінальным паядынку жаночага адзіночнага разраду другая ракетка планеты беларуска Арына Сабаленка перайграла лідэра сусветнага рэйтынгу польку Ігу Свёнтэк – 6:3, 3:6, 6:3. Для 25-гадовай Арыны Сабаленкі гэта 13-я перамога на турнірах пад эгідай WTA.

Менскае „Дынама” перайграла „Шахцёр” у чэмпіянаце Беларусі

Футбалісты менскага „Дынама” захавалі за сабой лідарства ў чэмпіянаце Беларусі. У цэнтральным паядынку 7-га тура на полі сталічнага стадыёна „Дынама” менчукі перайгралі чэмпіёна краіны салігорскі „Шахцёр” з мінімальнай перавагай – 1:0. Пераможны гол за некалькі секунд да заканчэння першага тайма забіў лідэр бамбардзірскай гонкі Уладзіслаў Марозаў, у актыве якога стала 6 забітых мячоў. Для „Шахцёра” гэта першая параза ў гэтым сезоне.

„Карона”  мацней за „Ракув”, Шыкаўку замянілі ў канцоўцы

„Карона” на хатняй арэне перамагла „Ракув” у матчы 31-га тура чэмпіянату Польшчы — 1:0. У гаспадароў беларус Яўген Шыкаўка выйшаў у старце і быў заменены на 86-й хвіліне. „Карона” з 38 ачкамі ідзе 13-й у табліцы, „Ракув” займае першае месца з 71 балам.

Пецярбургскі „Зеніт” дзявяты раз стаў чэмпіёнам Расіі па футболе

Футбалісты пецярбургскага „Зеніта” датэрмінова забяспечылі сабе залатыя медалі, заваяваўшы свой пяты запар і дзявяты ў гісторыі тытул чэмпіёнаў Расеі. У паядынку 26-га тура падначаленыя Сяргея Семака адолелі ў Санкт-Пецярбургу маскоўскі „Спартак” з лікам 3:2. Пераможны мяч на 2-й кампенсаванай хвіліне другога тайма забіў Іван Сяргееў.

У  Лондане на стадыёне „Алімпійскі” прайшоў матч 35-га тура англійскай Прэм’ер-лігі паміж „Вест Хэмам” і „Манчэстэр Юнайтэд”. Перамогу ў сустрэчы святкавала каманда Дэвіда Мойеса дзякуючы голу Саіда Бенрахма ў сярэдзіне першага тайма. Пасля праведзеных 34 гульняў „Ман Юнайтэд” займае чацвёртае месца ў турнірнай табліцы англійскай Прэм’ер-лігі, апярэджваючы „Ліверпуль” на адно ачко пры адным матчы ў запасе.

У 31 туры нямецкай Бундэслігі „Барусія” Дортмунд дэкласавала „Вольфбсург” з лікам 6:0. „Шмялі” знаходзяцца на другой пазіцыі з 64 ачкамі, адстаючы ад лідаруючай „Баварыі” на адзін бал за тры туры да канца чэмпіянату. „ПСЖ” на выездзе перамог „Труа” ў матчы 34-га тура чэмпіянату Францыі – 3:1. У парыжан матч прапусціў Ліянэль Месі, адхілены на два тыдні за паездку ў Саудаўскую Аравію без дазволу.

У матчы 34-га тура чэмпіянату Італіі „Аталанта” пацярпела хатнюю паразу ад „Ювентуса” – 0:2.

Гомельскі БЧ стаў апошнім паўфіналістам чэмпіянату Беларусі

Гомельскі БЧ стаў апошнім удзельнікам паўфінальнай стадыі 34-га чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. У трэцім паядынку чвэрцьфінальнай серыі гомельцы на хатняй арэне ўпэўнена перамаглі гарадзенскі клуб „УУС-Дынама” з лікам 4:1. У іх першай гульні ў Гомелі дынамаўцы вырвалі перамогу ў серыі пасляматчавых пенальці, а потым у Гародні гомельскія футбалісты ўзялі рэванш – 4:3.

„Нью-Джэрсі” без Шаранговіча абыграў „Караліну”

„Нью-Джэрсі” на хатняй арэне ўпэўнена абыграў „Караліну” ў трэцім матчы серыі другога раунда Кубка Стэнлі — 8:4. У гаспадароў удзелу ў сустрэчы не прыняў беларускі нападнік Ягор Шаранговіч. „Д’яблы” саступаюць у серыі – 1-2. Наступны матч пройдзе 10 траўня.

Баскетбалісты „Менска” выйшлі ў фінал мужчынскага чэмпіянату Беларусі

Баскетбалісты „Менска” выйшлі ў фінал мужчынскага чэмпіянату Беларусі. У Віцебску ў чацвёртым паядынку чвэрцьфінальнай серыі падначаленыя Расціслава Вергуна абыгралі мясцовы „Рубон” 85:56. У дзвюх хатніх сустрэчах менчукі выйгралі – 102:78 і 85:67, а потым нечакана прайгралі ў Віцебску  81:85. Першымі ў фінал прабіліся баскетбалісты „Гародня-93”, якія перайгралі ў паўфінальнай серыі магілёўскі „Барысфен” 3:1.

Ферстапен выйграў „Гран-пры Маямі”

Бельгіец Макс Ферстапен, які прадстаўляе „Рэд Бул” перамог на „Гран-пры Маямі” Формулы-1. Другім стаў яшчэ адзін пілот „Рэд Бул” Серхіа Перэс, трэцім — Фернанда Алонса з „Астан Марцін”. Для Ферстапена перамога стала трэцяй за пяць гонак у сезоне, ён апярэджвае Перэса ў агульным заліку на 14 балаў.

Беларускае Радыё Рацыя