Пандэмія скончылася, але “кавідны” збор на мяжы застаўся
У свеце днямі абвясцілі пра заканчэнне пандэміі каронавіруса, а міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч казаў, што пандэмія ў Беларусі падышла да канца, яшчэ 11 студзеня.
Пры гэтым “кавідны” збор пры перасячэнні мяжы на транспартных сродках, максімальная дапушчальная вага якіх не перавышае пяці тон, надалей дзейнічае. Яго пачалі спаганяць з 1 мая 2021 года, і планавалі збіраць да 1 студзеня 2023 года. Афіцыйна дэкларавалася, што сабраныя сродкі пойдуць на папярэджванне і барацьбу з каранавіруснай інфекцыяй. Памер збору — 1 базавая велічыня. Але паводле новага рашэння, плаціць збор давядзецца да 1 студзеня 2025 года – піша “Наша Ніва”.
Калі ўзяць звесткі беларускіх пагранічнікаў, то ў сярэднім за суткі праз граніцу праязджае 2 271 легкавы транспартны сродак, а значыць у сярэднім за суткі ад “кавіднага” збору ў бюджэт паступае амаль 30 тысяч даляраў у эквіваленце, за месяц выходзіць прыкладна 890 тысяч даляраў.
У Беларусі ў красавіку знізіліся золатавалютныя рэзервы. Чаму?
Золатавалютныя рэзервы Беларусі на 1 мая склалі 7 млрд 968,2 млн даляраў у эквіваленце. Як паведаміў Нацыянальны банк, іх сума за месяц знізілася на 130,4 млн. даляраў.
На думку эканамістаў, з улікам кан’юнктуры валютнага рынку ў красавіку Нацбанк меў магчымасці купляць істотныя аб’ёмы валюты і папаўняць рэзервы. Таксама не мог істотна зменшыць залаты запас і пералік у валюту цаны золата, бо сусветныя цэны на яго ў красавіку былі адносна стабільнымі. Такім чынам, на зніжэнне аб’ёму рэзерваў маглі паўплываць выплаты па даўгах. У апошні час шмат паведамлялася, што нават расейскія трымальнікі беларускіх каштоўных папер маюць праблемы з іх пагашэннем, – піша тэлеграм-канал “Нашы Грошы”.
Другі блок БелАЭС пакуль не пачаў выдаваць электрычнасць у сетку
Другі энергаблок Беларускай атамнай электрастанцыі ў Астраўцы, па ўсёй верагоднасці, да гэтага часу не пачаў выдаваць электрычнасць у сетку, хоць Дэпартамент па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС выдаў дазвол на энергетычны пуск аб’екта больш за месяц таму, піша BPN. На карысць гэтай версіі сведчыць тое, што ні адміністрацыя АЭС, ні вытворчае аб’яднанне „Белэнерга”, у чыім падпарадкаванні знаходзіцца станцыя, ні Міністэрства энергетыкі не паведамлялі аб пачатку генерацыі. Раздзел аб другім блоку атамнай станцыі на сайце Мінэнерга не абнаўляўся з моманту загрузкі ў рэактар ядзернага паліва.
Звяртае на сябе ўвагу той факт, што пры збудаванні першага энергаблока БелаАЭС усе гэтыя працэсы праходзілі хутчэй.
Беспрацоўе ў Польшчы працягвае зніжацца
Беспрацоўе ў Польшчы, не зважаючы на запаволенне гаспадарчага росту, перастала расці, а на працягу сакавіка і красавіка нават зменшылася. Гэта вынікае з новых дадзеных Міністэрства сям’і і сацыяльнай палітыкі. Так, у красавіку беспрацоўе склала 5,3 працэнта, што на адну-дзясятую менш за мінулы месяц. Самае нізкае беспрацоўе адзначаецца ў Велікапольскім ваяводстве – тры працэнты. У красавіку ў польскіх Упраўленнях працы было зарэгістравана амаль 824 тысячы беспрацоўных, і гэта на 23 тысячы менш, чым было ў сакавіку.
Польшча застаецца дзяржавай з найбольш нізкім беспрацоўем у Еўразвязе, і займае разам з Германіяй другую пазіцыю. На першай пазіцыі з самым нізкім беспрацоўем знаходзіцца Чэхія.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: infotrans.by