Батумі: некалькі дзясяткаў лістоў і паштовак ад «Майстэрні паштовак»
У шматфункцыянальнай прасторы «аКсяродак», якая месціцца ў цэнтры грузінскага Батумі, беларускія актывісты адзначылі трохгоддзе ініцыятывы «Майстэрня паштовак». На акцыі было напісана некалькі дзясяткаў лістоў і паштовак вязням, што сядзяць у беларускіх турмах і калоніях.
Пра важнасць напісання лістоў і паштовак кажуць беларускія актывісты:
– Не, я яшчэ не пісала, але мае паштоўкі ў вялікай колькасці разыходзіліся менавіта вось на гэтую справу.
– Палітзняволеным важна пісаць, таму што гэта цяпер такая добрая псіхалагічная падтрымка палітвязняў, таму што яны сядзяць у вельмі складаных умовах, асабліва зараз, калі насталі крыважэрныя часы, у поўнай ізаляцыі. Да кагосьці там даходзяць газеты, да кагосьці не даходзяць. З лістамі таксама складана, але тым не менш трэба спрабаваць.
– Да 2020, канешне, з лістамі было нашмат прасцей. Я пісаў і Паўлу Севярынцу, і Статкевічу, і Аўтуховічу і ў ініцыятывах таксама ўдзельнічаў.
Падчас акцыі былі напісаныя лісты і паштоўкі такім вядомым беларусам, што сядзяць за кратамі, як Павел Белавус, Дзяніс Івашын, а таксама шмат лістоў іншым вядомым і малавядомым палітвязням.
Беларускае Радыё Рацыя