Каго закране новы пакет антырасейскіх санкцый?



Еўрапейская камісія анансавала новы пакет антырасейскіх санкцый. Ён уключае ўвядзенне абмежаванняў супраць больш як 35 кампаній з Ірана, Кітая, ААЭ, а таксама Арменіі і Узбекістана з прычыны таго, што яны падазраюцца ў падтрымцы ваенна-прамысловага комплексу Расеі. Пра гэта піша Bloomberg. У сувязі з гэтым Еўракамісія заклікала да “больш строгіх экспартных абмежаванняў у дачыненні да тавараў і тэхналогій падвойнага прызначэння, а таксама тавараў і тэхналогій, якія могуць садзейнічаць тэхналагічнаму ўдасканаленню сектара абароны і бяспекі Расеі”.

Адначасна нямецкае выданне Bild апублікавала расследаванне пра тое, як нямецкія тавары пастаўляюць у Расею праз краіны СНД у абыход санкцый. Паведамляецца, што пасля пачатку канфлікту ва Украіне і ўвядзення санкцый супраць РФ экспарт з Германіі ў Казахстан, Арменію і Грузію падвоіўся. Пастаўкі ў Таджыкістан выраслі на 150%, у Беларусь – на 77%, у Кыргызстан на 994%. Улады Германіі мяркуюць, што размова можа ісці пра пастаўкі ў Расею паралельным імпартам у абыход санкцый у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза, піша Office Life.

Польскія перавозчыкі блакуюць рух грузавых машын на граніцы

З 9 мая польскія перавозчыкі пачалі блакаваць рух фураў праз адзіны дзейны грузавы пункт пропуску “Карошчын – Казловічы” на беларуска-польскай граніцы, каб спыніць грузавыя перавозкі ў бок Беларусі. Удзельнікі пратэсту маюць дазвол на правядзенне акцыю да 9 чэрвеня ўключна.

Польскія перавозчыкі пры падтрыманні мясцовых кампаній пратэстуюць супраць захопу рынку перавозак на ўсход беларускімі і расейскімі кампаніямі. Яны патрабуюць забараніць уезд у Польшчу фураў з беларускай і расейскай рэгістрацыяй, прыпыніць працу беларускіх і расейскіх прадпрыемстваў пад польскім прыкрыццём і аднавіць дазволы транспартным кампаніям з Украіны. Падобная акцыя пачалася чацвёртага мая паблізу пункту пропуску “Дарогуск” каля мяжы з Украінай. Там польскія перавозчыкі заблакавалі рух і прапускаюць па некалькі машын на гадзіну.

У Беларусі зноў змяніліся цэны на аўтамабільнае паліва

У Беларусі зноў змяніліся цэны на аўтамабільнае паліва. З 9 мая яно патаннела на 1 капейку, паведамляе “Белнафтахім”. Ад аўторка цэны за літр паліва наступныя:

АІ-92 — 2,26 рубля;

АІ-95 — 2,36 рубля;

АІ-98 – 2,58 рубля;

дызельнае паліва — 2,36 рубля.

Толькі за вясну аўтамабільнае паліва таннее на адну капейку ўжо дзясяты раз. Упершыню гэта адбылося сёмага сакавіка і ў далейшым цэны змяняліся кожны тыдзень. Перад гэтым цэны на паліва змяняліся ў чэрвені мінулага года, калі яно падаражэла на традыцыйныя дзве капейкі, і тое падаражанне было 18-м за год.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: vaticannews.va