Музей імя Івана Луцкевіча ў Вільні запрашае на Ноч музеяў



Сёлета Ноч музеяў выпадае на 13 траўня (субота). Музей імя Івана Луцкевіча як адзіны беларускі музей Вільні шчыра запрашае вас да сябе ў госці.

Дата: 13 траўня
Час: 16:00 (час мясцовы)
Месца: Музей імя Івана Луцкевіча, Vilniaus g. 20, Вільня.

Арганізатары падрыхтавалі шырокую праграму. Цікавосткі будуць і ўнутры музея, і на падворку. Далучыцца да мерапрыемства можна ў любы час.

Расклад:

Унутры музея

Выставы

16:00 — і да закрыцця: «Гісторыя беларускага супраціву» (унутры музея)
18:00 — і да закрыцця: «Таямніцы старадаўняй тыпаграфіі» (буйная зала). Можна паглядзець старыя мапы і зрабіць адбітак на тыпаграфскім станку.

Майстар-класы (бібліятэка)

16:30 — 17:30: птушка з саломы
17:30 — 18:30: вышыўка ахоўнага арнаменту процягам
18:30 — 19:30: выраб традыцыйнай тэкстыльнай лялькі

Майстар-класы разлічаныя на дарослых (але пры жаданні могуць удзельнічаць падлеткі ад 11 гадоў).

Увага! Колькасць месцаў абмежаваная.

Удзел у майстар-класах па папярэднім запісе.

На падворку

Актыўнасці і гульні

Міні-кірмаш

16:00 — і да закрыцця

У чырвоным намёце, што будзе стаяць на падворку, можна набыць кніжкі на беларускай мове, а таксама рамесныя вырабы беларускіх майстроў.

Гульні для дзяцей

16:30 — 18:00
Традыцыйныя беларускія гульні. Будзе весела! 

Гульні для дзяцей, але далучацца могуць і дарослыя.

Квэст

Старт і рэгістрацыя камандаў — на Падворку.
Старт — не раней за 16:30.
Фініш — не пазней за 20:00.

Стартаваць і фінішаваць можна ў любы час (з 16:30 да 20:00).

Пры рэгістрацыі каманда атрымлівае заданні (на выбар: на беларускай, ангельскай ці літоўскай мовах) і адзначае час старту. Кропкі могуць быць статычныя, а могуць быць рухомыя (падказка: шукайце нашых валанцераў), могуць быць унутры музея, а могуць быць на Падворку. Калі ўсе заданні пройдзеныя, трэба вярнуць аркуш з заданнямі на пункт рэгістрацыі і адзначыць час фінішу.

Перамагае тая каманда, якая выканае заданні правільна і як найхутчэй.

Першыя тры каманды атрымаюць прызы!

Музычна-танцавальная праграма

19:30 — 20:00: Выступ гурта «Беларускі цуд»
20:00 — 21:00: Выступ дудара і майстар-клас па беларускіх традыцыйных танцах
21:00 Узнагароджанне пераможцаў квэсту

Пасля 21:00 запрашаем на гарбату.

Рэкамендуемы данат: 5 еўра.

(Гэта значыць, што можна і нічога не пакідаць, а можна пакінуць больш, ці пакінуць роўна 5 еўра. Але мы будзем удзячныя за невялічкія данаты, бо яны ўсе пойдуць на развіццё Музэя і Цэнтра беларускай супольнасці й культуры ў Вільні. Разам мы сіла!).

Вітаюцца госці ў традыцыйных строях ці апранутыя ў «беларускім стылі».