КДБ заяўляе, што прадухіліў «адразу некалькі тэрактаў» у Беларусі напярэдадні 9 траўня
КДБ заяўляе, што прадухіліў «адразу некалькі тэрактаў» у Беларусі напярэдадні 9 траўня.
На тэлеканале АНТ выйшаў анонс «расследавання», дзе нібыта будзе расказана аб прадухіленні КДБ адразу некалькіх тэрактаў у краіне. Як сцвярджаюць аўтары расследавання, «сляды заказчыка вядуць ва Украіну».
Паводле сюжэта, выбуховыя прылады былі замаскіраваныя пад бытавыя прыборы, якія былі прывезены ў краіну з-за мяжы. У Беларусі іх атрымалі розныя людзі з заданнем — «забраць і не задаваць лішніх пытанняў». У патрэбны час, як сцвярджаюць аўтары, пасылкі «павінны былі актываваць, каб справакаваць ахвяры і ўскалыхнуць сітуацыю ў краіне».
У сюжэце ўдзельнічае чамусьці дацэнтка журфака Аліцыя Пінюта.
2 траўня па выніках чарговай нарады сілавога блока ў Лукашэнкі Іван Церцель прагназаваў значную эскалацыю абстаноўкі па перыметры Беларусі і абяцаў паказаць прыклады прадухілення тэрактаў, працу контрвыведкі і матэрыялы затрыманняў. І вынікі не прымусілі сябе чакаць.
Нагадаем, 19 сакавіка КДБ паведаміў пра ліквідацыю ўзброенага замежніка ў Гародні, які нібыта прыехаў з Польшчы для выведвання патэнцыйных месцаў здзяйснення тэрактаў. Пазней па беларускім тэлебачанні паказалі кадры штурму кватэры і заявілі, што ў загінулага быў падроблены пашпарт Расеі на імя Аляксея Ламакіна. Гэтае здарэнне пакінула шмат пытанняў, а «Байпол» назваў спецаперацыю пастаноўкай з удзелам дзейнага супрацоўніка КДБ, які сыграў ролю «тэрарыста».
Беларускае Радыё Рацыя