Ці паедуць цягнікі з Польшчы ў Беларусь?
У Польшчы з пачаткам мая павінна была спыніць дзеянне забарона на пасажырскія чыгуначныя спалучэнні з Беларуссю. Забарону ўвялі яшчэ з-за пандэміі. Як паведамляе Rynek Kolejowy, Міністэрства інфраструктуры Польшчы апошні раз працягвала дзеянне адпаведнага нарматыўнага дакумента да 30 красавіка.
Аднак адмена забароны не прывядзе да аднаўлення руху пасажырскіх цягнікоў. „Разам з перавозчыкам ПКП Інтэрсіці мы не плануем запускаць спалучэнні з Беларуссю па бягучым гадавым раскладзе, які дзейнічае да 9 снежня гэтага года”, – адзначылі ў прэс-службе міністэрства. Таксама аб планах аднавіць рух не паведамлялася і на ўзроўні ваяводстваў. reform.by
Яшчэ адна амерыканская кампанія сыходзіць з Беларусі
Softeq Development афіцыйна ліквідуе беларускую юрыдычную асобу. Такая інфармацыя з’явілася на сайце Адзінага дзяржрэгістра. Пра намер Softeq Development сысці з Беларусі супрацоўнікі менскага офіса расказалі dev.by яшчэ на пачатку красавіка. Паводле суразмоўцаў, пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну — топ-менеджмент Softeq Development прыняў рашэнне закрыць офіс распрацоўкі. Кампанія настойвала на рэлакацыі супрацоўнікаў. Дапамагала з візамі і давала невялікую рэлакацыйную кампенсацыю — каля 1000 даляраў. Адным з варыянтаў для пераезду стала Літва. За мінулы і гэты год штат літоўскага офіса Softeq Development вырас амаль у 5 разоў — з 30 да больш чым 130 супрацоўнікаў. У менскім офісе Softeq Development працавала каля 280 спецыялістаў.
Softeq Development распрацоўвае праграмнае забеспячэнне для такіх кліентаў, як Microsoft, Coca-Cola, Epson, Samsung. Таксама аказвае паслугі ў галіне распрацоўкі вэб-рашэнняў, мабільных праграм і гульняў і так далей.
Ryanair заказвае 300 самалётаў Boeing 737 Max 10s
Ірландская авіякампанія разлічвае да 2034 года павялічыць аб’ём перавозак амаль удвая. Як піша Le Monde, кампанія заключыла кантракт на закупку 150 сярэдне-магістральных самалётаў Boeing 737 Max і мае права на набыццё 150 дадатковых самалётаў у будучыні па загадзя абумоўленай цане і тэрмінах у выпадку, калі Ryanair захоча гэтым правам скарыстацца. Заказ ацэньваецца на 40 мільярдаў даляраў у цяперашніх цэнах, але Ryanair атрымала “канкурэнтную скідку”. Пастаўка новых самалётаў запланаваная на перыяд з 2027 па 2033 гады.
Паводле ацэнак Ryanair, новыя самалёты дазволяць стварыць больш за 10 тысяч працоўных месцаў. Пры гэтым кампанія плануе, што ў сакавіку 2034-га гадавая колькасць пасажыраў вырасце да 300 мільёнаў (сёлета ў сакавіку яна складала 168 мільёнаў).
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: polsha24.com