„Наша слова” прыгадала Людвіка Абрамовіча
З’явіўся свежы нумар штотыднёвага электроннага выдання „Наша слова.pdf”. Шмат матэрыялаў у ім, прысвечана Дню Перамогі.
Рэплікі жаночай вопраткі стварыла творчая група аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ „Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”. Ірына Дыдышка, Марыя Шылкоўская і Марыя Андрушкевіч зрабілі немагчымае. У выніку карпатлівай працы гэтага трыа (а гэта навукова-даследчая праца, ткацтва палатна, пашыў адзення) цяпер у жыхароў горада Ліды ёсць магчымасць убачыць, якое адзенне насілі нашы продкі больш за сто гадоў назад. Больш падрабязна чытачы таксама даведаюцца з “Нашага слова”.
Публікуе выданне і матэрыялы пра Людвіка Абрамовіча. Гэта пераклады з полькіх выданняў 1930-х гадоў і артыкул Антона Луцкевіча з “Калосься”, 1939 года. Людвік Абрамовіч быў даволі вядомы ў шырокіх колах беларускага грамадзянства рэдактар польскага часапісу „Przeglаd Wilenski”.
“Побач з вялікай групай польскіх дэмакратаў, побач з прадстаўнікамі літвінаў, праводзілі нябожчыка на месца вечнага адпачынку на Росе прадстаўнікі ўсяго беларускага грамадзянства – без розніцы груп i кірункаў. Людвік Абрамовіч пакінуў сярод беларусаў добрую памяць аб сабе.
Абрамовіч – віленскі старажыл. Як публіцыст, ведамы ўжо ад 1906 года, калі пачаў супрацоўнічаць у польскай дэмакратычнай газеце „Gazeta Wilenska”. Гарачы польскі патрыёт, ён лятуцеў аб ускрашэнні Польшчы i змагаўся, як мог, за правы польскага народу пад уладай Расеі. Але адначасна пачуваў сябеграмадзянінам i нашага краю, думаў аб ускрашэнні колішняга Вялікага Княства Літоўскага, аб’яднанага фэдэрацыйнымі сувязямі з Польшчай, i культурнай мінуўшчыне гэтага краю прысвяціў дзве навукова-даследчыя працы. З поўнай пашанай адносіўся да адраджэнска-вызвольных імкненняў беларусаў i літвінаў, хоць i з аднымі, i з другімі разыходзіўся ў палітычных ідэалах”, — пісаў Антон Луцкевіч.
Усе згадкі пра Людвіка Абрамовіча чытачы з цікавасцю прачытаюць на старонках “Нашага слова”.
Беларускае Радыё Рацыя