На што ўплывае від хворага Лукашэнкі
У Беларусі і свеце працягваюць абмяркоўваць Лукашэнку – сімулянт ці рэальна нямоглы? Прапаную паглядзець на некалькі версіяў, што да здароўя Лукашэнкі, і адразу зазначу, што ўсе яны падобныя да сапраўдных.
Вельмі папулярны варыянт пра тое, што Лукашэнка сімулянт. Маўляў, не хацеў ляцець у Крэмль, але мусіў, там не хацеў сядзець у кумпаніі купленых Кітаем сярэднеазіяцкіх дыктатараў і лідара Арменіі. Вось і курчыць камедыю. Бо адчувае канец Пуціна і хоча пакінуць сабе лаз для аднаўлення адносін з Захадам.
Сімулянт – не сімулянт, ліцадзейства яшчэ трэба даказаць. Але ўсе бачаць хворага дыктатара, на якога завязаныя ўсе працэсы ў дзяржаве. І тут больш за ўсіх трэба прызадумацца чыноўнікам з лукашэнкаўскай вертыкалі. Што будзе з імі пасля Лукашэнкі?
А калі не сімулянт? А калі і праўда ледзь ходзіць і ледзь гаворыць?
Як бы ні дзіўна гучала на першы погляд, але цяперашнія татальныя праверкі беларусаў па вяртанні з-за мяжы таксама могуць быць звязанымі са здароўем самапрызначанага кіраўніка Беларусі.
Вось што піша тэлеграм-канал «Беларуская выведка»: «На фоне пагаршэння здароўя (Лукашэнкі) Савет бяспекі задзейнічаў прадугледжаны для такіх выпадкаў асаблівы рэжым «крэпасць». Галоўная мэта плану – папярэдзіць унутраную напругу ў краіне і вонкавае ўздзеянне. Крэмль адпаведна гэтага плану ўважаецца найбольш верагоднай пагрозай дэстабілізацыі ў краіне».
Не NATO, не Украіна, а Расея. Калі звонку. Што да беларусаў, падкрэслю, што абяцаныя «знойдзем усіх» не сягнулі пакуль статыстычнай пагрэшнасці ў 5%. Калі браць лічбу мільён плюс, што бралі ўдзел у акцыях пратэсту па ўсё краіне першыя чатыры месяцы Рэвалюцыі 2020 году. Нават калі ўлічыць, што вялікая колькасць апанентаў рэжыму выехала, большасць непрыяцеляў цара ябацек застаюцца ў краіне.
«Сядзім у крэпасці і чакаем што будзе». Пакуль цела будзе здатнае прамаўляць штосьці асэнсаванае, наўрад ці атачэнне само пачне актыўнічаць.
Іншае пытанне – ці не дапамогуць целу замоўкнуць раз і назаўсёды.
Варыянт фізічнага прыбірання Лукашэнкі прамаўляюць цяпер аглядальнікі з розных краін.
Украіна і Захад рыхтуюцца да разгрому крамлёўскага войска. Унутры Расеі начальнік прыватнай арміі Прыгожын фактычна матам абкладае прэзідэнта Пуціна. Унутраны раскол відавочны.
Лукашэнка не зможа адседзецца ў кустах, распавядаючы «а я вам пакажу адкуль рыхтаваўся напад».
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя