Як выглядае сітуацыя ў Херсоне?
У Херсоне апошнім часам абвастрылася сітуацыя. Зараз там вельмі небяспечна. На сувязі з нашым радыё Дзмітрый. Раней ён жыў у Херсоне, зараз выехаў, але валодае дакладнай інфармацыяй пра тое, што адбываецца ў горадзе.
РР: Літаральна перад 9 траўня, калі адзначаліся святы, звязаныя з Днём Перамогі, у Херсоне ўвялі кругласуткавую каменданцкую гадзіну. Забаронена было нават з дому выходзіць тры дні перад гэтымі святамі. Для чаго гэта было зроблена? І якая зараз сітуацыя ў горадзе?
Дзмітрый: Я зараз знаходжуся ў Адэсе. У дні, якія папярэднічалі 9 траўня, расейцы вельмі моцна абстрэльвалі Херсон. Шмат трапленняў у такія аб’екты як крамы, супермаркеты, запраўкі, вакзал. Загінула багата людзей. І населеныя пункты каля Херсону моцна абстрэльвалі. І як паведамілі ўлады, яны вырашылі на 52 гадзіны зрабіць каменданцкую гадзіну. Яна ўводзілася з 20:00 5 мая да 6:00 8 мая.
РР: А з чым звязаная, на вашую думку, гэтая актыўнасць расейцаў – з травеньскімі святамі ці з боязню котрнаступу арміі Украіны?
Дзмітрый: Я магу выказаць толькі ўласную думку, я ж не маю аператыўнай інфармацыі. Выглядае наступным чынам, што вышэйшае кіраўніцтва Расеі дае заданне сваім вайскоўцам зрываць контрнаступ. Для гэтага трэба рабіць шмат абстрэлаў па ўкраінскіх вайскоўцах і тэхніцы. І яны абстрэльваюць. Трапілі ў супермаркет і іх паблікі пішуць, што мы разграмілі скапленне вайскоўцаў, якія былі ў супермаркеце. Расейская аўдыторыя не можа гэта праверыць, а мы ж ведаем, што там звычайныя людзі былі. Робіцца такі падман, каб расказаць вышэйшаму кіраўніцтву, што яны працуюць, што яны зрываюць контрнаступ. І таму шмат абстрэльваюць горад.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя