Расейскі танк у Беластоку: галоўны антываенны экспанат “Ночы музеяў-2023”
13-га траўня, у „Ноч музеяў” у Беластоку, акрамя традыцыйных маршрутаў па музеях горада, будзе афіцыйна адкрыты новы экспанат Ваеннага парка Музея войска ў Беластоку. Гэта расейская самаходная гаўбіца «Мста-3», захопленая ўкраінцамі пад Кіевам.
Галоўную мэту размяшчэння такога экспаната агучыў дырэктар Музея арміі ў Беластоку Роберт Садоўскі:
-Будуць яшчэ два знішчаныя расейскія транспартныя сродкі з Украіны. Тое, што мы хочам паказаць, мае антываенны кантэкст. Гэта не машыны, якія мы хочам проста паказаць. Гэта фактычна смяротныя машыны, якія служаць канкрэтна каб знішчаць. Расейцы на іх прыехалі ва Украіну. Хочам паказаць, што вайна не нясе нічога добрага.
Вядома, што самаходная гаўбіца «Мста-3» знаходзіцца на ўзбраенні не толькі ў Расеі, але і ў Беларусі. Максімальная далёкасць яе стральбы – 25 км. Па словах Роберта Садоўскага, Музей войска ў Беластоку ў чэрвені плануе набыць яшчэ танк Т-80 і зенітную ўстаноўку «Бук», захопленыя ва Ўкраіне.
Беларускае Радыё Рацыя