Футбалісты „Слуцка” і „Іслачы” адкрыюць праграму восьмага тура чэмпіянату Беларусі



На футбольным чэмпіянаце Беларусі сярод каманд вышэйшай лігі сёння адкрыецца праграма восьмага тура.
У стартавым паядынку футбалісты „Слуцка” прымуць на сваім полі „Іслач” з Мінскага раёна. У мінулым туры слуцкая каманда ў гасцях згуляла ўнічыю з жодзінскім „Тарпеда-БелАЗам” 1:1, а яе сённяшні апанент саступіў мазырскай „Славіі” 0:1.
Заўтра лідар турніру мінскае „Дынама” згуляе на выездзе з футбалістамі „Гомеля”. Сталічны „Энергетык-БДУ” прыме „Мінск”, а салігорскі „Шахцёр” на сваёй арэне сустрэнецца з берасцейскім „Дынама”

„Шахцёр” выплаціў акрэдытаваным агентам амаль 600 тысяч рублёў.

АБФФ апублікавала інфармацыю аб узнагародах, выплачаных кожным клубам вышэйшай і першай ліг акрэдытаваным агентам АБФФ (пасярэднікам) у 2022 каляндарным годзе.
Паводле крыніцы, найбольш выдаткаваўся на агентаў „Шахцёр” — 598 787 рублёў. Следам ідзе БАТЭ – 94 731 рубель. Астатнія клубы выплаты агентам не здзяйснялі.
Самым паспяховым агентам на не вельмі ўраджайнай беларускай ніве стаў былы спартова-тэхнічны дырэктар БАТЭ Аляксандр Зубкоўскі – выплаты яму склалі 218 270 рублёў.

Хаўбек берасцескага „Дынама” Дзяніс Кавалевіч дыскваліфікаваны на два матчы

Хаўбек берасцейскага „Дынама” Дзяніс Кавалевіч дыскваліфікаваны на два матчы па слядах інцыдэнту, які здарыўся ў гульні з „Нафтанам” у рамках вышэйшай лігі.
Хаўбек берасцейскага „Дынама” баднуў гульца „Нафтана” Рамана Пілецкага і атрымаў прамую чырвоную картку
Дзяніса дыскваліфікавалі за „агрэсіўныя паводзіны футбаліста ці афіцыйнай асобы клуба (каманды).

Новы сезон па пляжным футболе стартуе матчам за Суперкубак Беларусі

Новы сезон майстроў пляжнага футбола ў Беларусі адкрыецца ў Кіраўску паядынкам за Суперкубак. У барацьбе за першы трафей сезона сёння пазмагаюцца чэмпіён краіны магілёўскі клуб ЦАР і срэбраны прызёр мінулага нацыянальнага першынства „Шчучын”. Год таму гэтыя каманды таксама змагаліся за Суперкубак, і тады магіляўчане першы раз сталі яго ўладальнікамі, выйграўшы з буйным лікам 12:4. Да гэтага два сезоны запар першы трафей сезона браў „Гроднааблспорт”, які абодва разы перамагаў магіляўчан.

Чух застаецца трэнерам „Ліды”

Беларускі спецыяліст Юрый Чух застанецца на пасадзе галоўнага трэнера хакейнага клуба „Ліда” ў наступным сезоне.
„На дадзены момант кантракт з „Лідай” мае толькі адзін хакеіст, але мы плануем захаваць частку гульцоў, якія выступалі за каманду ў мінулым сезоне – у першую чаргу гэта датычыць моладзі, якая атрымала ад клуба кваліфікацыйныя прапановы, запланавалі шэраг спарынгаў, таксама атрымалі запрашэнне прыняць удзел у турніры памяці Дубко. Збор каманды запланаваны на 4 ліпеня, з гэтага дня і пачнем падрыхтоўку да новага сезона”, — сказаў Чух.

„Нью-Джэрсі” без Шаранговіча прайграў „Караліне” і завяршыў выступы ў Кубку Стэнлі

Адбыўся пяты матч чвэрцьфінальнай серыі Кубка Стэнлі, у якім „Нью-Джэрсі” на выездзе саступіў у авертайме „Караліне” 2:3. „Харыкейнз” выйгралі серыю 4-1 і сталі першымі паўфіналістамі плэй-оф НХЛ у сезоне. Беларускі нападнік Ягор Шаранговіч удзелу ў пятай гульні не прымаў. Форвард згуляў толькі ў першым паядынку серыі, зазначае афіцыйны сайт ФХБ. Усяго ў Шаранговіча тры матчы ў плэй-оф НХЛ без выніковых балаў, паказчык карыснасці — „-1”. У рэгулярцы беларус правёў 75 сустрэч, набраўшы 30 ачкоў.

У Рызе і Тампэрэ стартуе чэмпіянат свету

У фінскім Тампэрэ і латвійскай Рызе стартуе 86 чэмпіянат свету ў элітным дывізіёне. Зборныя Беларусі і Расіі з-за адхілення Міжнароднай федэрацыяй хакея прапусцяць другі топ-турнір запар.
Сёння Фінляндыя згуляе з ЗША, Швецыя з Германіяй,
Славакія з Чэхіяй, а Латвія з Канадай.

Беларускае Радыё Рацыя