Вайна ва Украіне: ці змусяць брытанскія ракеты Чарнаморскі флот пакінуць Севастопаль?
443-і дзень вайны. З’явілася інфармацыя аб пастаўцы Вялікабрытаніяй Украіне крылатых ракет Storm Shadow. «Гэта дасць Украіне магчымасць зрабіць Крым не абараняльным для расейскіх сіл», мяркуе адстаўны генерал Бен Ходжэс.
«Такім чынам Лондан парушыў табу на пастаўкі ракет далёкага радыуса дзеяння». Такую ацэнку дало французскае выданне Le Monde, заўважыўшы, што пастаўка здзяйсняецца пры ўмове, што ракеты не будуць выкарыстаныя супраць абʼектаў на тэрыторыі Расеі. Эксперты сцвярджаюць, што радыус дзеяння Storm Shadow дазволіць украінскім войскам пакрыць практычна ўсю сваю тэрыторыю, у тым ліку Крым. Так, Севастопальскі порт, дзе размешчаны Чарнаморскі флот Расеі, знаходзіцца прыкладна за 230 кіламетраў ад Херсона, адваяванага летась.
Пад пагрозай можа аказацца і Керчанскі мост, які злучае Крым з Расеяй. Наступныя некалькі тыдняў абяцаюць быць вырашальнымі, адзначаюць назіральнікі.