Віктар Бабарыка можа быць у турэмным шпіталі „Валадаркі”



Палітычны вязень Віктар Бабарыка можа знаходзіцца ў турэмным шпіталі СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. Пра гэта паведамляюць актывісты „Рабочага руху”.

„Паводле наяўных звестак, Віктар Бабарыка каля тыдня знаходзіўся ў Наваполацкай цэнтральнай гарадской лякарні, пасля чаго прыкладна 3 траўня яго забралі ў Наваполацкую ПК-1, а на наступны дзень павезлі ў кірунку Менска (паводле непацверджаных звестак, на Валадарскага) у турэмную лякарню”, — кажуць у „Рабочым руху”.

У штабе Бабарыкі гэтыя звесткі пакуль ніяк не каментуюць.

Пра шпіталізацыю Бабарыкі стала вядома напрыканцы красавіка. Паведамлялася, быццам з калоніі ў наваполацкую лякарню яго прывезлі моцна збітым. Потым інфармацыі пра стан і месцазнаходжанне палітвязня адсутнічалі два тыдні.

Напярэдадні з’явіліся непацверджаныя звесткі, што Бабарыка ўжо не лічыцца ў сваім атрадзе ў наваполацкай калоніі.