У Беластоку мае з’явіцца сквер Вольнай Беларусі



З мапы Беластока знікла вуліца Вольнай Беларусі, але з’явіцца сквер з такой самай назвай – такія планы маюць улады горада.

Прыгадаем, што ў верасні 2022 года Рада Беластока паставіла перайменаваць частку вуліцы Электрычнай, у раёне беларускага консульства, у вуліцу Вольнай Беларусі на знак салідарнасці з беларускім народам. Але супраць гэтага выступілі мясцовыя жыхары, якія праз суд дамагліся адмены гэтага рашэння. Шыльды з назвай вуліца Вольнай Беларусі ўжо зніклі, хоць рашэнне суда яшчэ не ўступіла ў сілу і ёсць час на яго абскарджванне.

Але, як адзначыў прэзідэнт горада Тадэвуш Трускаляскі, гарадскія ўлады змяняюць канцэпцыю: плануецца надаць назву Вольнай Беларусі толькі скверу каля беларускага консульства, а назва вуліцы застанецца ранейшай Электрычная. Плануецца, што гэтае пытанне Рада Беластока абмяркуе яшчэ ў гэтым месяцы.

Беларускае Радыё Рацыя