У Вільні прайшла „Ноч музеяў”
Сваю праграму 13 траўня прадставіў і адзіны беларускі музей імя Івана Луцкевіча. Імпрэзы там падчас „Ночы музеяў” ладзіліся як унутры музея, так і на падворку. Сярод іх быў квэст, традыцыйныя беларускія гульні. Таксама праходзілі майстар-класы па саломцы, вышыўцы і вырабе лялек ды іншае.
Як кажа адміністратар „Беларускага дома” або “Цэнтра беларускай супольнасці” Марына, галоўная мэта імпрэзы была запрасіць усіх беларусаў, якія былі вымушаныя іміграваць у Вільню і ўвогуле ў Літву:
– Паказаць ім гэта месца, бо гэта няпроста музей, гэта хаб, дзе некалькі арганізацый. Паказаць, як у нас файна праводзяць час. Таксама паказаць замежным турыстам і літоўцам, што ёсць такія беларусы, вельмі файныя і вясёлыя людзі.
На працягу ўсёй “Ночы музеяў” працаваў міні-кірмаш, дзе можна было набыць кнігі на беларускай мове, а таксама рамесныя вырабы беларускіх майстроў.
Кажа рамесніца Ганна Сускіна:
– Я зарабіла крыху грошай, прывезла крыху завушніц, паштоўкі. Было вельмі цікава, я нават пашкадавала, што сама не магла прымаць удзел ва ўсіх майстар-класах і танцах. Але ж крыху паспявала, набыла кнігі, вельмі шмат прыемных людзей, добрая атмасфера, шмат дзетак. Мне вельмі спадабалася ўсё, што тут адбывалася.
У музеі дзейнічалі дзве выставы “Гісторыя беларускага супраціву” і “Таямніцы старадаўняй тыпаграфіі”. Можна было паглядзець старыя мапы і зрабіць адбітак на друкарскім станку.
Напрыканцы адбылася музычна-танцавальная праграма, дзе выступаў гурт “Беларускі цуд”, дудар і праходзіў майстар-клас па беларускіх традыцыйных танцах.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя