Вольга Гарбунова: Рэжыму не да законаў, калі мэта – расправіцца з палітвязнямі ў Беларусі
14-га траўня, беларускаму філосафу, метадолагу, грамадска-палітычнаму дзеячу Уладзіміру Мацкевічу спаўняцца 67 гадоў. Ужо два гады аўтар кніг і грамадскі дзеяч знаходзіцца ў няволі за сваю дзейнасць і з’яўляецца адным з 1483 палітвязняў Беларусі.
Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка пагутарыла з прадстаўніцай Аб’яднанага пераходнага кабінета Вольгай Гарбуновай, якая займаецца пытаннямі палітвязняў, пра тое, што можна зрабіць для палітвязняў беларусам у замежжы і як ім асабіста вырашаць праблемы гвалту ў любой кропцы свету, ці сапраўды адзіным паратункам для палітвязняў ёсць іх уласная медыйнасць і неабыякавасць сваякоў на волі, ды ці змогуць нефармальныя перамовы Еўропы з Беларуссю стаць асноўным сродкам вызвалення палітвязняў зараз:
РР: Што можна зрабіць і як расследаваць выпадкі смерцяў палітвязняў?
– Я ўпэўненая, што ўсё так і будзе. Немагчыма не ўлічваць таго факта, што суддзя, пракурор і начальнікі СІЗА, папраўчых калоній і гэтак далей, усе былі ў курсе дыягназу Мікалая. Усе ведалі пра перанесеную аперацыю на сэрцы, пра інсульт, пра тое, што ў чалавека 2-я група інваліднасці. Ён і яго адвакаты на судзе неаднаразова пра гэта заяўлялі. Была такая магчымасць па 368 артыкуле Крымінальнага кодэксу, якая была выстаўлена Мікалаю за карыкатуру, была магчымасць адправіць яго на „дамашнюю хімію”, папраўчыя працы або штраф. Гэта ўсё ёсць у межах гэтага артыкула, які насамрэч адносіцца да найменш цяжкіх. Аднак людзі, якіх складна назваць людзьмі, прынялі рашэнне пра пазбаўленне волі. На мой погляд няма ніякіх іншых фактараў, акрамя як свядомае прычыненне шкоды здароўю і жыццё чалавека. На дадзены момант я ведаю, што праваахоўнікі знаходзяцца на сувязі з роднымі і блізкімі Мікалая.
РР: Тая ж сітуацыя з Віктарам Бабарыкам. Афіцыйнай інфармацыі пра яго няма.
– На дадзены момант мне, як і вам вядома толькі тое, што ёсць у адкрытых крыніцах. Мы нічога не ведаем пра месцазнаходжанне, стан, здароўе Віктара Бабарыкі. Мне здаецца, што тут вельмі важна казаць пра тое, што ў апошнія месяцы вялікая колькасць вядомых палітвязняў апынуліся ў стане інкамунікаду, без сувязі са знешнім светам. Гэта такі новы для мяне тэрмін. Гэта калі да чалавека не дапускаюць адваката, у яго заблакавана перапіска і няма ніякай магчымасці падзяліцца са сваімі роднымі станам здароўя, усё трымаюць у таямніцы ад родных. Няма ніякай магчымасці ажыццявіць грамадскі кантроль за тым, што адбываецца з чалавекам. Пракуратура ўпэўненая, што гэта не іх абавязак. На мінулым тыдні журналісткі звярталіся ў наваполацкую пракуратуру, яны так адказалі, уяўляеце. Міжнароднае права ўтрымлівае забарону на ўтрыманне ў такой сітуацыі без сувязі са знешнім светам. У кожнага чалавека павінна быць права на перапіску, на сустрэчы, не перадачы, на тэлефанаванні, на сустрэчу з адвакатам. У рэжыму атрымліваецца не да законаў. Калі размова ідзе пра так званыя экстрэмісцкія артыкулы, пра палітвязняў, у мяне няма ніякай новай інфармацыі па кейсу Віктара Бабарыкі і мяне гэта вельмі моцна пужае. Толькі дзякуючы таму, што ён такі медыйны, вядомы чалавек, якога насамрэч ведае кожная беларуска і беларус, то медыкі пазналі яго прозвішча ў картачцы і паведамілі пра тое, што гэта мена менавіта ён знаходзіцца ў наваполацкім шпіталі. Такое магло адбыцца з кожным палітзняволеным ці палітзняволенай, чыё прозвішча не на слыху. Вось гэта вельмі страшна. Маштабы гэтых падзей і тое, што ў нас няма ніякай інфармацыі пра тое, у якіх умовах утрымліваюцца нашыя блізкія.
З „Госцяй Рацыі” – з прадстаўніцай Аб’яднанага пераходнага кабінета Вольгай Гарбуновай, якая займаецца пытаннямі палітвязняў, размаўляла Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя