Вольга Шніп: У мастацтве важныя ідэя і сэнс
Беларускае мастацтва. Ці патрэбнае яно зараз беларусам? У які бок яно развіваецца? Наколькі добра сябе адчуваюць творцы ў замежжы?
Пра гэта не толькі – у размове нашага карэспандэнта з „Госцяй Рацыі” – арт-рэжысёркай рэзідэнцыі „Дом творцаў” у Варшаве Вольгай Шніп.
РР: Наколькі насычанае жыццё ў вашай арт-рэзідэнцыі?
– Цяпер мы як і заўжды гатуем новыя выставы. У нас ёсць мастакі, якія чакаюць і працуюць над сваімі творамі. Гэта будуць уласныя выставы, таксама мы рыхтуемся да „Тутакі” разам з „Домам творцаў”. Мы ўзялі на сябе адказнасць за арт-прастору, за тэатральную прастору, за музычнае напаўненне. Будзем клікаць туды сваіх сяброў.
РР: Наколькі беларусам сапраўды патрэбнае мастацтва беларусаў?
– Насамрэч гэта балючая тэма. Канешне ў нас ёсць раздзяленне, што некаторым беларусам патрэбна, а некаторых мы нібыта павінны пераканаць у тым, што мы годныя людзі. Гэта самае складанае цяпер, прапанаваць і паказаць сваім жа, што беларускае мастацтва, гэта таксама годнае, важнае і вельмі патрэбнае. Гэта канешне вынік нашай гісторыі, таго як развіваліся наша культура ў Беларусі да і пасля 2020 года. Гэта вельмі складана канешне, адукаваць нашых гледачоў і слухачоў. Гэта адукацыя, якой мы будзем займацца і паказваць, што мы не горшыя за еўрапейскіх і амерыканскіх людзей мастацтва. Мы можам быць з імі на адным узроўні, на адной пляцоўцы. Патрэбны нейкі час, каб выйсці ў свет.
РР: Ці ёсць у цябе свая версія таго, што трэба ў мастацтве, каб яно зачапіла беларусаў?
– Я заўсёды кажу, што мастацтва без асноўнай ідэі, без тваёй думкі, без пасылу, без мэты, яно нікому не патрэбнае. Калі ты проста малюеш нейкі твор і ён без сэнсу, ён проста прыгожы, то з гэтым няма ніякага сапраўднага мастацтва. Таму самае важнае – гэта ідэя. Калі ёсць ідэя, калі ёсць пасыл, калі ёсць нейкае адчуванне, калі ёсць нейкае разуменне таго, што ты робіш, што ты хочаш сказаць, тады гэта будзе чапляць. Гэта можа быць звязана з падзеямі, не звязана з падзеямі, але гэта будзе штосьці такое, што нам усім баліць. Гэта ў любым выпадку будзе выходзіць праз мастацтва, але самае важнае гэта ідэя і сэнс.
З арт-рэжысёркай рэзідэнцыі „Дом творцаў” Вольгай Шніп размаўляла Марына Савіцкая.
Беларускае Радыё Рацыя