Прадпрымальнікі фарміруюць больш за траціну даходаў бюджэту



За кошт прадпрымальнікаў у Беларусі фарміруецца 35 працэнтаў бюджэту. Усяго ў гэтай сферы занята каля 1,5 млн чалавек.

Пра гэта расказаў міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў падчас рэспубліканскага форуму жанчын-прадпрымальнікаў “Энергія і стварэнне”. А раней чыноўнікі скардзіліся, што ІП мала папаўняюць казну.

Міністр эканомікі расказаў, што ў прадпрымальніцтве працуе каля 34 працэнтаў занятых у эканоміцы. Іх уклад у бюджэт „сведчыць аб эфектыўнасці работы прадпрымальніцкага сектара”. Прадпрымальнікі фарміруюць каля 20 працэнтаў аб’ёмаў прамысловай вытворчасці, 30 працэнтаў рознічнага тавараабароту арганізацый гандлю і амаль палову тавараабароту грамадскага харчавання, больш як 40 працэнтаў экспарту тавараў і 47 працэнтаў – у сферы экспарту паслуг, паведамляе news.zerkalo.io.

Ці забароніць Еўразвяз рэгістрацыю транспартных кампаній з Беларусі

Польшча прапанавала Еўракамісіі ўключыць у 11-ы пакет санкцый ЕЗ забарону на рэгістрацыю транспартных кампаній з Беларусі і Расіі. Пра гэта распавёў афіцыйны прадстаўнік урада Польшчы Пётр Мюлер, яго цытуе партал Biznes Wprost. Прэм’ер-міністр Польшчы таксама накіраваў у Еўракамісію запыт аб рашэннях, здольных заблакаваць уезд транспарту з Беларусі і Расіі ў Польшчу. У прыватнасці, Польшча дабіваецца забароны на ўезд на сваю тэрыторыю паўпрычэпаў і прапануе спосаб абмежаваць дзейнасць беларускіх транспартнікаў.

Раней паведамлялася, што беларускі бізнес летась устанавіў гістарычны рэкорд па новых рэгістрацыях у Польшчы — у параўнанні з 2021-м колькасць новых кампаній, у якіх адным з заснавальнікаў з’яўляецца юрыдычная або фізічная асоба з Беларусі, падвоілася.

Замежныя інвестыцыі ў рэальны сектар эканомікі Беларусі знізіліся на 12%

У першым квартале замежныя інвестары ўклалі ў рэальны сектар эканомікі Беларусі 3 мільярды долараў, што на 11,76% менш, чым годам раней. Пра гэта сведчаць звесткі Нацыянальнага статыстычнага камітэта. Асноўнымі інвестарамі былі рэзідэнты Расіі – 44,8% ад усяго аб’ёму ўсіх укладанняў, Кіпра – 28,8%, Нідэрландаў – 3,8%, паведамляе BPN. У сваю чаргу Беларусь інвеставала за мяжу 1,9 млрд даляраў, у асноўным у Расію.

У беларускіх крамах сталі прадаваць расійскае піва ў незвычайнай упакоўцы

У многіх беларускіх крамах сталі прадаваць піва ў трохлітровых слоіках. Яшчэ некаторы час таму алкаголь у такой тары нідзе нельга было знайсці, але цяпер гэта, падобна, робіцца масавай з’явай, заўважыла выданне Tochka.by.

Так, у менскім супермаркеце магілёўскай гандлёвай сеткі “Перекрёсток” на выбар прапануюць тры варыянты піва ў трохлітровых слоіках, вырабленага на заводзе ў Ліпецкай вобласці Расіі. Пастаўляе напоі ў Беларусь магілёўскі імпарцёр. З чым звязаны такі незвычайны выбар вытворцамі тары для піва, свядома гэта ці вымушана — дакладна не вядома. Каштуе ж яно ў Беларусі нятанна — больш за 30 рублёў за слоік, – паведамляе nashaniva.com.

Беларускае Радыё Рацыя.