Агляд прэсы: пераможцы і пераможаныя



Чаму Лукашэнка знік на тыдзень? Прэмія імя Карла Вялікага: прэзідэнту і народу Украіны. Выбары ў Турцыі: фінал застаецца адкрытым. Новая заява Трампа. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

Ужо трэці дзень запар загалоўкі СМІ свету, датычныя Беларусі, выходзяць з загалоўкамі, звязанымі са станам здароўя Лукашэнкі. «У адміністрацыі Лукашэнкі адмовіліся каментаваць стан ягонага здароўя, а ў Расеі адмаўляюць, што ён хворы. Лукашэнка, які не з’яўляўся на публіцы з аўторка, не з’явіўся ў нядзелю на цырымоніі ў сталіцы, Менску, што выклікала здагадкі, што ён сур’ёзна хворы», – піша ізраільская газета The Jerusalem Post.

«68-гадовы Лукашэнка кіруе Беларуссю з 1994 года, выкарыстоўваючы міліцыю для падаўлення пратэстаў, у той час як суды закрывалі дысідэнцкія СМІ і прысуджалі апанентам працяглыя турэмныя тэрміны, а актывісты масава беглі з краіны. Лукашэнка атрымаў падтрымку ад кіраўніка Крамля Уладзіміра Пуціна ў падаўленні пратэстаў, а ў мінулым годзе ён дазволіў выкарыстоўваць тэрыторыю сваёй краіны для ўварвання Расеі ва Украіну. Расея адмаўляе, што Лукашэнка хворы. У панядзелак у Крамлі заявілі, што з Менска не было афіцыйных паведамленняў пра стан здароўя Лукашэнкі. Аднак неафіцыйныя крыніцы паведамляюць, што Аляксандр Лукашэнка, які зараз праходзіць лячэнне, пасля інфармацыйнай шуміхі «хоча з’явіцца на людзях у аўторак і супакоіць». Варта адзначыць, што дабіцца моцнага паляпшэння самаадчування ўжо не атрымаецца. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, «на ногі» Лукашэнку ставяць урачы з Масквы, у тым ліку з цэнтра ім Бакулева», – адзначае ізраільскае выданне.

Падчас сваёй паездкі ў Еўропу, якая праходзіла пры строгім захаванні мер бяспекі, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі наведаў і нямецкі горад Аахен, у якім яму і ўсяму ўкраінскаму народу была ўручана Міжнародная прэмія імя Карла Вялікага, якая прызначаецца за заслугі ў справе адзінства Еўропы. З урачыстай прамовай наконт узнагароджання выступіў канцлер ФРГ Олаф Шольц. Прэзідэнт падзякаваў еўрапейцам за падтрымку і зноў падкрэсліў, што яго краіна хацела б як мага хутчэй уступіць у Еўрасаюз і ў НАТА. «З Аахена зыходзіць найважнейшае пасланне гэтага еўрапейскага турнэ Зяленскага», – адзначае італьянская газета La Repubblica.

«Калі Шольц кажа пра тое, што Украіна – «частка еўрапейскай сям’і», і нагадвае аб сваім абяцанні, што Украіна ўступіць у Еўразвяз, дадзеным ім у чэрвені 2022 года падчас свайго візіту ў Кіеў сумесна з Драгі і Макронам. Да гэтага Берлін заўсёды націскаў на педаль тормазу. Але ўчора Шольц нагадаў пра тое, што «Украіна зрабіла свой выбар: Еўропа», і на гэтым шляху Германія будзе на баку Украіны. Інакш ідзе справа з пытаннем аб уступленні ў НАТА, а на ім і ў гэты раз настойваў Зяленскі. Падчас свайго выступу ў Аахене ён заявіў наступнае: „сцяг НАТА будзе лунаць побач са сцягам Украіны”. Шольц на гэтыя словы ніяк не адрэагаваў», – канстатуе італьянскае выданне.

Відавочна, прэзідэнцкія выбары ў Турцыі чакае другі тур. Па выніках падліку практычна ўсіх пададзеных галасоў на першае месца выйшаў дзейны прэзідэнт Эрдаган, які атрымаў 49,4 адсоткі. Ён апярэдзіў лідара апазіцыі Кылычдараглу, за якога было аддадзена каля 45 працэнтаў галасоў, але не дацягвае да абсалютнай большасці. Як адзначаюць аглядальнікі, значнасць гэтых выбараў, другі тур якіх, мяркуючы па ўсім, адбудзецца праз два тыдні, выходзіць далёка за межы Турцыі. «Ключавое пытанне гэтых выбараў – гэта адносіны Турцыі з Еўразвязам», – адзначае афінскі дзелавы веснік Naftemporiki.

«Мабыць, ніхто так выразна не сфармуляваў гэтую дылему, як дзейны міністр юстыцыі Бекір Боздаг: «Людзі будуць альбо святкаваць з куфлем шампанскага, альбо прысягаць на малітоўным дыванку». Сказаць, што адносіны паміж Брусэлем і Турцыяй астылі, было б нічога не сказаць. Яны проста замарожаныя. На працягу многіх гадоў з боку Брусэля не рабілася ніводнай спробы аднавіць перамовы аб уступленні Турцыі ў рады супольнасці. З пункту гледжання Еўракамісіі падобнае не мае сэнсу – прынамсі да таго часу, пакуль ва ўладзе ў Анкары знаходзіцца Рэджэп Таіп Эрдаган», – падкрэслівае афінскае выданне.

Выступаючы ў эфіры тэлеканала CNN, экс-прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў пра тое, што ён у адзін дзень скончыў бы з вайной ва Украіне. Аднак як менавіта ён бы гэтага дабіўся, Трамп сціпла ўмаўчаў. У сваёй прамове ён таксама працягваў настойваць на тым, што вынікі выбараў 2020 года былі сфальсіфікаваныя. Аглядальнікі не выказваюць здзіўлення наконт яго слоў, аднак адзначаюць, што яны здольныя пацягнуць за сабой сур’ёзныя наступствы. «Выступ Трампа кажа сам за сябе», –  каментуе заяву нямецкая газета Frankfurter Rundschau.

«Гэты дэ-факта кандыдат ад рэспубліканцаў аж да самых выбараў у канцы наступнага года працягне расколваць краіну сваёй атрутнай сумессю з хлусні, антыдэмакратычных і нацыяналістычна-расісцкіх заяваў. Гэтая сумесь з’яўляецца яго бізнэс-мадэллю. Аднак ці можна з яе дапамогай выйграць выбары – гэта яму яшчэ давядзецца даказаць, і перш за ўсё – на фоне ўласнага пройгрышу Джо Байдэну і нікуды не вартых вынікаў па выніках прамежкавых выбараў. Трамп палягчае задачу дэмакратам, паколькі ён прадказальны, і сам падстаўляецца пад удар, даючы падставу для крытыкі. Аднак і Байдэну прыйдзецца паднапружыцца, калі ён мае намер прыцягнуць на свой бок тых, хто вагаецца, а таксама натхніць свой традыцыйны электарат», – папярэджвае нямецкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка